Пошук

2023.04.12 Una famiglia: il papà e la mamma tengono per mano la figlia piccola

Святы Пасад у ААН: патрэбна палітыка, арыентаваная на сям'ю

Неабходна распрацаваць сацыяльную, эканамічную і культурную палітыку, арыентаваную на сям'ю, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека прызнае сям'ю натуральнай і асноўнай адзінкай грамадства і пацвярджае, што сям’я "мае права на абарону з боку грамадства і дзяржавы", - нагадаў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, выступаючы 25 верасня 2024 года на 57-й чарговай сесіі Савета па правах чалавека.

Святы Пасад рэгулярна падкрэслівае, што будучыня чалавецтва залежыць ад сям'і, росквіт якой спрыяе росквіту нацыі. У сям'і нараджаюцца людзі, якія з пакалення ў пакаленне вучацца паважаць і ўмацоўваць асабістую годнасць. Сям'я служыць “школай глыбокай чалавечнасці”, гуляючы жыццёва важную ролю ў абароне правоў сваіх членаў, адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

“Неабходна распрацаваць сацыяльную, эканамічную і культурную палітыку, арыентаваную на сям'ю, як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях. Такая палітыка павінна ўключаць, у прыватнасці, меры па прасоўванню інстытута сужэнства і падтрымцы сям'і, абароне жыцця, гарманізацыі працоўнага і сямейнага жыцця і аказанню дапамогі бацькам у іх ролі асноўных выхавацеляў дзяцей. У наш час значная колькасць сужэнскіх пар лічаць за лепшае ўстрымлівацца ад нараджэння дзяцей. Гэта аказвае негатыўны ўплыў на жыццяздольнасць і згуртаванасць грамадства, і патэнцыйна можа нават паўплываць на стабільнасць сістэм сацыяльнага забеспячэння і эканомікі”, - папярэдзіў арцыбіскуп Балестрэра.

Ватыканскі дыпламат выказаў занепакоенасць тым, што на міжнародных форумах усё часцей прыніжаюць значэнне сям'і і ачарняюць яе. Аргумент, які сцвярджае, што "праваўладальнікамі з'яўляюцца асобы, а не сем'і", часта бессаромна выкарыстоўваецца для апраўдання таго, каб адмовіцца ад ініцыятыў, накіраваных на абарону сям'і як фундаментальнага агульнага дабра.

Як прывілеяванае месца атрымання адукацыі і выхавання, сям'я ўносіць годны ўклад у грамадскае жыццё і з'яўляецца абсалютна неабходнай для поўнай рэалізацыі правоў чалавека. Акрамя таго, яна з'яўляецца “самым рашучым абаронцам і апорай найбольш уразлівых членаў грамадства: ненароджаных дзяцей, пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, - падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Балестрэра выказаў спадзяванне на больш глыбокае ўсведамленне ролі сям'і і прыхільнасць справе сям'і ў дзейнасці Савета па правах чалавека. "Як ідуць справы ў сям'і, так і ў краіне, і ўва ўсім свеце, дзе мы жывем", - падагульніў ён.

25 верасня 2024, 14:33