Святы Пасад заклікаў абараняць свабоду і сацыяльную справядлівасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мансеньёр Хуан Антоніа Круз Серана прыняў удзел у пазачарговай сесіі Пастаяннага савета ААД, прысвечанай 23-й гадавіне Міжамерыканскай дэмакратычнай хартыі і Міжнароднаму дню дэмакратыі. Пасяджэнне прайшло 11 верасня 2024 года.
Сучасны палітычны крызіс
Дыпламат выказаў асаблівае задавальненне Святога Пасада дзейнасцю ААД па ўмацаванню дэмакратыі на амерыканскім кантыненце, нагадаўшы словы Францішка аб тым, што "захаванне дэмакратычных рэалій з'яўляецца выклікам цяперашняга гістарычнага моманту".
"Адным з асноўных выклікаў дэмакратычнай сістэме з'яўляецца крызіс палітыкі, які характарызуецца ростам палярызацыі, часта абвостранай у лічбавым асяроддзі, і цяжкасцю, калі не няздольнасцю, агульна і сумесна вырашаць праблемы, якія стаяць перад нашай планетай", - падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Гэты крызіс "глыбока закранае ўсе дзяржавы, малыя і вялікія, эканамічна развітыя і тыя, што развіваюцца, старыя і новыя дэмакратыі", - дадаў ён, падкрэсліваючы, што "дэмакратыя грунтуецца на ўзаемнай павазе, на магчымасці кожнага прыносіць карысць грамадству", а таксама на тым факце, што розныя пункты гледжання не ўяўляюць пагрозы для ўлады і дзяржаўнай бяспекі, а ўзбагачаюць адзін аднаго і дазваляюць знаходзіць рашэнні праблем.
Працаваць на карысць дэмакратычнай культуры
Прадстаўнік Святога Пасада заахвоціў дзяржавы-члены ААД працягваць прасоўваць каштоўнасці, замацаваныя ў Міжамерыканскай дэмакратычнай хартыі, такія як свабода, роўнасць і сацыяльная справядлівасць на ўсім кантыненце. Ён заклікаў іх працаваць на карысць дэмакратычнай культуры, нават там, дзе яна аслаблена. Гэта будзе спрыяць павазе да асноўных свабод і годнасці чалавека, а таксама "пабудове ўсё больш гуманнага і братэрскага грамадства".