Пошук

Біенале ісламскага мастацтва ў Саўдаўскай Аравіі Біенале ісламскага мастацтва ў Саўдаўскай Аравіі 

Ватыканская бібліятэка на біенале ў Саўдаўскай Аравіі

Ватыканская апостальская бібліятэка прыме ўдзел у біенале ісламскага мастацтва, якое з 25 студзеня па 24 мая 2025 года пройдзе ў Джыдзе (Саудаўская Аравія).

Марыя Валодзіна - Vatican News

Творы з калекцыі Ватыканскай бібліятэкі будуць прадстаўлены ў секцыі Аль-Мадар (Арбіта). Экспазіцыя размесціцца ў міжнародным аэрапорце імя караля Абдул-Азіза, у тэрмінале, які штогод прымае мільёны падарожнікаў, якія здзяйсняюць хадж у Меку. Удзел Ватыканскай бібліятэкі ў гэтым унікальным культурным мерапрыемстве стане важным крокам на шляху міжкультурнага дыялогу паміж цывілізацыямі.

Мост паміж культурамі і эпохамі

Біенале ісламскага мастацтва мае на мэце прадэманстраваць культурнае багацце ісламскай цывілізацыі, яе мастацкія і навуковыя дасягненні. Мерапрыемства стане месцам сустрэчы і творчага дыялогу, наведвальнікі якога даведаюцца пра ўплыў ісламскага мастацтва на сучасны свет. На выставе будзе прадстаўлены шырокі спектр гістарычных артэфактаў і сучасных мастацкіх твораў, а таксама інтэрактыўныя і мультысенсарныя экспанаты.

Першую біенале ў 2023 годзе наведала больш за 600 тысяч чалавек. Сёлета плошча экспазіцыі складзе 110 тысяч квадратных метраў. Плануецца выдаць каталог выставы з падрабязнымі апісаннямі ўсіх экспанатаў.

Міжнародная каманда куратараў

Куратарамі біенале выступіла міжнародная каманда вядомых экспертаў: пісьменнік і гісторык Абдул Рахман Аззам; прафесар ісламскага мастацтва і архітэктуры Оксфардскага ўніверсітэта і былы дырэктар Нацыянальнага музея азіяцкага мастацтва Смітсанаўскага інстытута Джуліян Рабі; і дырэктар калекцыі Аль-Тані, спецыяліст па сувязях еўрапейскіх і азіяцкіх культур Амін Джафер. Саудаўскі мастак Муханад Шона, які ў сваіх творах звяртаецца да тэмы духоўнасці і ролі ўяўлення ў стварэнні рэальнасці, стане куратарам секцыі сучаснага мастацтва.

Унікальная калекцыя твораў з усяго свету

Секцыя Аль-Мадар, у якой прыме ўдзел Ватыканская бібліятэка, будзе дэманстраваць разнастайныя артэфакты з музеяў, бібліятэк і прыватных калекцый з усяго свету. Асноўная тэма экспазіцыі – роля лічбаў у ісламскай культуры і іх уплыў на матэматычныя дасягненні, навігацыю, картаграфію, гандаль, духоўнае жыццё, а таксама на геаметрыю і архітэктуру.

26 верасня 2024, 11:50