Юбілей 2025: адкрыта рэгістрацыя на праход праз Святыя Дзверы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Пасад запусціў сістэму электроннай рэгістрацыі для пілігрымаў, якія плануюць наведаць Рым падчас Юбілейнага 2025 года. Гэта дазволіць упарадкаваць паток вернікаў і пазбегнуць чэргаў ля Святых Дзвярэй.
Святыя Дзверы будуць адчыненыя ў чатырох галоўных базіліках Вечнага горада. Найдаўжэй, з 24 снежня 2024 года па 6 студзеня 2026 года, – у ватыканскай базіліцы святога Пятра. Таксама Папа Францішак асабіста адчыніць Святыя Дзверы ў Латэранскай базіліцы 29 снежня 2024 года, у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ – 1 студзеня 2025 года, а ў базіліцы святога Паўла па-за Мурамі – 5 студзеня.
Для зручнасці пілігрымаў на афіцыйным сайце Юбілею iubilaeum2025.va тлумачыцца, як прайсці рэгістрацыю. Кожны ахвотны можа выбраць зручны для сябе дзень і час для наведвання святынь. Варта адзначыць, што для ўдзельнікаў арганізаваных груп, якія ўжо зарэгістраваліся на адно з вялікіх юбілейных мерапрыемстваў, дадатковая рэгістрацыя не патрабуецца.
Для тых, хто мае пытанні ці патрабуе дадатковай інфармацыі, на вуліцы Канчыліяцыёнэ, 7 (Via Conciliazione 7), непадалёк ад плошчы святога Пятра, адкрыты інфармацыйны пункт Юбілею. Ён будзе працаваць бесперапынна да лютага 2026 года. Тут жа пілігрымы змогуць атрымаць памятнае пасведчанне аб удзеле ў Юбілеі – так званае Testimonium.
Юбілейны год – гэта асаблівы час у жыцці Касцёла, калі вернікі могуць атрымаць поўны адпуст і духоўна абнавіцца. Падрыхтоўка да гэтай важнай падзеі ідзе поўным ходам, і Святы Пасад робіць усё магчымае, каб забяспечыць камфорт і духоўнае ўзбагачэнне для дзясяткаў мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.