Камісія па абароне непаўналетніх апублікавала гадавую справаздачу
Марыя Валодзіна - Vatican News
У 2014 годзе Францішак стварыў Камісію па абароне непаўналетніх, даручыўшы ёй падрыхтаваць справаздачу аб ініцыятывах Касцёла па абароне дзяцей і ўразлівых дарослых. Папа падкрэсліў, што праца можа быць складанай, але неабходнай для таго, каб дакладна даведацца , што адбываецца і якія меры неабходна прыняць.
29 кастрычніка 2024 года пасля працяглай і інтэнсіўнай працы Камісія апублікавала сваю гадавую справаздачу за 2023 год. Дакумент змяшчае каля 50 старонак, складаецца з чатырох раздзелаў і ўключае вялікую колькасць даных, сабраных на пяці кантынентах, у розных рэлігійных інстытутах і Рымскай Курыі. Камісія заклікае да павышэння празрыстасці ў Касцёле.
Боль і вылячэнне пацярпелых
Дакумент падрыхтаваны рабочай групай пад кіраўніцтвам Мод дэ Бур-Букікіа, галандскай юрысткай, якая мае вялікі досвед у абароне дзяцей. На вокладцы – выява баабаба як сімвала стойкасці. Гэтую якасць праявілі тысячы ахвяр, якія адважыліся заявіць аб злоўжываннях і змагацца за тое, каб Касцёл стаў больш бяспечным месцам. У цэнтры ўвагі Камісіі і справаздачы ляжаць менавіта ахвяры злачынстваў, іх пакуты і выздараўленне.
Рызыкі і поспехі
Галоўная мэта справаздачы – заахвоціць Касцёл прымаць жорсткія меры ў адказ на злоўжыванні. Гэтыя намаганні павінны грунтавацца на правах чалавека і быць накіраванымі на падтрымку ахвяр. Згодна з апошнімі зменамі ў VI кнізе Кодэкса кананічнага права, злоўжыванне прызнаецца парушэннем чалавечай годнасці. У дакуменце адлюстроўваюцца як рызыкі, так і поспехі Касцёла ў намаганнях па абароне дзяцей. Ён таксама змяшчае рэсурсы і перадавыя практыкі, якімі можна падзяліцца з сусветнай супольнасцю Касцёла.
Патрабаванне большай празрыстасці
У справаздачы падкрэсліваецца неабходнасць забеспячэння ахвярам злоўжыванняў доступу да інфармацыі, каб пазбегнуць дадатковых траўм. Даклад падкрэслівае права кожнага чалавека на доступ да інфармацыі, якая яго датычыцца, з захаваннем законаў аб абароне даных. У дакуменце таксама рэкамендуецца ўдакладніць ролі і кампетэнцыі ўсіх Дыкастэрыі Рымскай курыі для забеспячэння эфектыўнага і аператыўнага разгляду выпадкаў злоўжыванняў, паведамленні пра якія паступаюць у Ватыкан. Прапануецца таксама спрасціць працэдуры ў выпадку неабходнасці. Справаздача заклікае да вывучэння шкоды і распрацоўцы палітыкі яе кампенсацыі, а таксама да прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне абароны.
Аналіз сітуацыі ў мясцовых Касцёлах
Другая частка даклада прысвечана аналізу сітуацыі ў мясцовых Касцёлах. Камісія падкрэслівае важнасць падтрымкі іерархаў мясцовых Касцёлаў у рэалізацыі палітыкі па прадухіленні і рэагаванні на злоўжыванні. Звычайна з біскупамі і кіраўнікамі Касцёлаў праводзіцца стандартны абмен данымі, а рэвізія палітыкі і працэдур па абароне непаўналетніх праводзіцца падчас візіту ad limina, па просьбе біскупскай канферэнцыі або рэгіянальных груп, якія ўваходзяць у склад Камісіі. Штогод Камісія разглядае сітуацыю ў 15-20 мясцовых Касцёлах. Мэта – за 5-6 гадоў ахапіць увесь Каталіцкі Касцёл. Разглядаюцца таксама некаторыя рэлігійныя інстытуты, місіянерскія і манаскія кангрэгацыі.
Недахоп структур і службаў падтрымкі пацярпелых
Камісія выявіла, што некаторыя касцёльныя інстытуты і ўлады праяўляюць відавочны інтарэс і адказнасць у пытаннях абароны непаўналетніх, у той час як іншыя толькі пачынаюць прымаць на сябе адказнасць у гэтай сферы. У некаторых рэгіёнах Камісія адзначыла сур’ёзны недахоп структур для паведамлення пра злоўжыванні, а таксама адсутнасць службаў падтрымкі для ахвяр і пацярпелых, як таго патрабуе Motu Proprio Vos estis lux mundi.
Рэгіянальныя адрозненні ў размеркаванні рэсурсаў
У розных рэгіёнах свету адзначаюцца істотныя адрозненні ў размеркаванні рэсурсаў для абароны ад злоўжыванняў. У той час як некаторыя рэгіёны Амерыкі, Еўропы і Акіяніі валодаюць значнымі рэсурсамі для абароны ад злоўжыванняў, іншыя, асабліва краіны Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі і Азіі, сутыкаюцца з недахопам рэсурсаў. У сувязі з гэтым Камісія лічыць неабходным павысіць узровень салідарнасці паміж епіскапатамі розных рэгіёнаў, мабілізаваць рэсурсы для распрацоўкі агульных стандартаў у галіне абароны непаўналетніх і адкрыцця цэнтраў для паведамлення пра злоўжыванні і падтрымкі пацярпелых.
Рымская Курыя як цэнтр абмену досведам
Трэцяя частка даклада прысвечана ролі Рымскай Курыі, як "сетцы сетак", якая можа стаць цэнтрам абмену лепшымі практыкамі для мясцовых Касцёлаў. Адзначаецца, што, рэалізуючы сваю місію па абароне правоў чалавека ў грамадстве, Курыя ўзаемадзейнічае з рознымі групамі насельніцтва, якім яна павінна гарантаваць належныя стандарты абароны.
Заклік да празрыстасці
Камісія заклікае да большай празрыстасці ў працэдурах і судовай практыцы ў дачыненні да выпадкаў злоўжыванняў. Падкрэсліваецца, што дысцыплінарны аддзел Дыкастэрыі веравучэння публічна паведаміў некаторую абмежаваную статыстычную інфармацыю аб сваёй дзейнасці. Аўтары справаздачы просяць атрымаць доступ да дадатковай інфармацыі. Рэкамендуецца таксама выпрацаваць агульныя стандарты абароны непаўналетніх для ўсёй Рымскай курыі і распаўсюджваць падыходы, арыентаваных на ахвяр і пацярпелых.
Аналіз Caritas і ініцыятыва Memorare
У справаздачы аналізуецца таксама дзейнасць Caritas у галіне абароны непаўналетніх на сусветным, рэгіянальным, нацыянальным і дыяцэзіяльным узроўні, а таксама прадстаўлены вынікі ініцыятывы Memorare, якая на працягу дзесяці гадоў мабілізуе сродкі для падтрымкі касцёльных ініцыятыў па абароне непаўналетніх у рэгіёнах з абмежаванымі рэсурсамі. Паведамляецца, што ў 2023 годзе ініцыятыва атрымала першае гадавое ахвяраванне ў памеры 500 тысяч еўра ад італьянскага епіскапату (агульны памер ахвяравання: 1.500.000 еўра), 35 тысяч еўра ад рэлігійных арганізацый, а таксама першае гадавое ахвяраванне Папскага фонду ў памеры 100 тысяч долараў (агульны памер складзе 300 тысяч долараў за тры гады). Акрамя таго, іспанскі епіскапат абяцаў падтрымаць абраныя Камісіяй праекты на 300 тысяч долараў у год (900 тысяч долараў за тры гады).