Кардынал Дзупі накіраваўся ў Расію з міратворчай місіяй
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміў кіраўнік Залы друку Святога Пасада Матэа Бруні, 14 кастрычніка 2024 года старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі распачаў новы візіт у Маскву ў рамках місіі, даручанай яму ў 2023 годзе Францішкам, каб “сустрэцца з уладамі і абмеркаваць далейшыя намаганні па садзейнічанні ўз'яднанню ўкраінскіх дзяцей са сваімі сем'ямі і абмену палоннымі з мэтай дасягнення доўгачаканага міру”.
У маі 2023 года Папа даручыў кардыналу Дзупі, арцыбіскупу Балоньі і старшыні Канферэнцыі Біскупаў Італіі, “узначаліць місію, якая б магла спрыяць аслабленню напружанасці ў канфлікце ва Украіне, у надзеі, якая ніколі не пакідала Святога Айца, што гэта зможа ініцыяваць мірныя шляхі”.
Візіт кардынала Дзупі ў Расію стане чарговым этапам яго міратворчай місіі. У яе рамках спецыяльны пасланнік Святога Айца ўжо пабываў 5-6 чэрвеня 2023 года ў Кіеве, 28-30 чэрвеня 2023 года – у Маскве, 17-19 ліпеня 2023 года – у Вашынгтоне, а 13-15 верасня 2023 года - у Пекіне.
Падчас свайго першага візіту ў сталіцу Расіі іерарх сустракаўся з Патрыярхам Кірылам і прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў: Памочнікам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па знешнепалітычных пытаннях Юрыем Ушаковым і Упаўнаважанай пры Прэзідэнце Расіі па правах дзіцяці Марыяй Львовай-Бяловай. Абмяркоўваліся гуманітарныя пытанні, звязаныя з абаронай правоў украінскіх дзяцей, вывезеных у Расію.
Дапамагчы ў гэтым пытанні Францішка прасіў Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на аўдыенцыі ў маі 2023 года. У мінулую пятніцу, 11 кастрычніка 2024 года, Зяленскі зноў сустрэўся ў Ватыкане з Святым Айцом. На аўдыенцыі, сярод іншых пытанняў, абмеркоўваліся гуманітарныя пытанні вызвалення дзяцей і палонных.
Дзякуючы дыпламатычным намаганням Святога Пасада некаторыя ўкраінскія дзеці ўжо вярнуліся дадому. Таксама ў рамках абмену палоннымі 29 чэрвеня 2024 года былі вызвалены двое грэка-каталіцкіх святароў, арыштаваных у лістападзе 2022 года.
Нагадаем таксама, што 16 верасня 2024 года Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін правёў відэаканферэнцыю з Упаўнаважанай па правах чалавека Расійскай Федэрацыі Таццянай Маскальковай, нагадаўшы пра неабходнасць абараняць ва ўмовах цяперашняга канфлікту асноўныя правы чалавека, замацаваныя ў міжнародных канвенцыях, а таксама абмеркаваў шэраг гуманітарных пытанняў.