Кардынал Фернандэс: жаночае служэнне важней за дыяканат
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс выступіў з важнай прамовай на XIII Генеральнай кангрэгацыі другой сесіі Сінода Біскупаў.
Прэфект прызнаўся, што Папа Францішак папрасіў не засяроджвацца зараз на пытанні жаночага дыяканату, бо яно яшчэ не дастаткова вывучана. Камісія па даследаванні гэтай праблематыкі прыйшла да пэўных высноў, якія будуць апублікаваныя ў належны час, але праца над тэмай будзе працягвацца. Замест гэтага Святы Айцец папрасіў Дыкастэрыю веравучэння даследаваць магчымасці развіцця роляў жанчын у Касцёле, не звязаных са святарскім пасвячэннем.
Кардынал Фернандэс прывёў некалькі прыкладаў нявыкарыстаных магчымасцей. Ён нагадаў, што пры стварэнні новай паслугі катэхіста Дыкастэрыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў прапанавала дзве формы. Адна звязана з кіраваннем катэхізацыяй, а другая адлюстроўвае тое, што Папа казаў у Querida Amazonia пра катэхетак, якія падтрымліваюць супольнасці пры адсутнасці святароў. Аднак вельмі нямногія біскупскія канферэнцыі прынялі другую форму.
Ён таксама адзначыў, што быў дазволены акалітат для жанчын, але ў многіх дыяцэзіях святары не хочуць прадстаўляць жанчын біскупу для гэтага служэння. Такая ж сітуацыя і з мужчынскім дыяканатам – у многіх дыяцэзіях ён увогуле не прыняты, а там, дзе ёсць дыяканы, яны часта выконваюць толькі функцыі міністрантаў.
Кардынал Фернандэс заклікаў дасылаць у Дыкастэрыю веравучэння сведчанні пра жанчын, якія ўжо кіруюць супольнасцямі або выконваюць важныя кіраўнічыя функцыі – не ў выніку фармальнага прызначэння або тэарэтычных даследаванняў, а дзякуючы натуральнаму прызнанню іх аўтарытэту пад уплывам Духа Святога ў адказ на патрэбы народа Божага. Ён асабліва папрасіў жанчын-удзельніц Сінода дапамагчы сабраць і перадаць у Дыкастэрыю розныя прапановы адносна магчымых шляхоў удзелу жанчын у кіраванні Касцёлам.
Што датычыцца пытання жаночага дыяканату, то Камісія пад кіраўніцтвам кардынала Джузэпэ Петрокі працягне сваю працу. Удзельнікі Сінода – як індывідуальна, так і групамі – могуць дасылаць у Камісію свае меркаванні, прапановы, артыкулы ці заўвагі па гэтай тэме. Кардынал Петрокі пацвердзіў, што праца адновіцца ў бліжэйшыя месяцы, будуць прааналізаваны ўсе атрыманыя матэрыялы.
На заканчэнне кардынал Фернандэс выказаў упэўненасць у тым, што паступовы падыход дазволіць дасягнуць канкрэтных вынікаў, паколькі няма нічога ў прыродзе жанчыны, што перашкаджала б ёй займаць важныя кіраўнічыя пасады ў Касцёле. "Тое, што сапраўды ад Духа Святога, нельга спыніць", - падкрэсліў ён.