Кітайскія біскупы на Сінодзе: мы ў еднасці з Касцёлам
Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News
"Касцёл у Кітаі такі ж, як і ў іншых краінах свету: мы належым да адной веры, прымаем такі ж хрост, і ўсе мы верныя Адзінаму, Святому, Каталіцкаму і Апостальскаму Касцёлу", - сказаў у сваім звароце біскуп Джозэф Ян Юнцян з дыяцэзіі Ханчжоу ў правінцыі Чжэцзян, адзін з двух біскупаў з мацерыковага Кітая, якія ўдзельнічаюць у Другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.
Разам з ім кітайскі Касцёл прадстаўляе біскуп Вінцэнт Чжань Сілу з дыяцэзіі Фунін (Міньдун) у правінцыі Фуцзянь. Біскупы КНР прымаюць удзел у Сінодзе ўжо ў трэці раз: яны ўдзельнічалі ў сінадальных асамблеях у 2018 і 2023 гадах. Гэта стала магчымым дзякуючы падпісанню Часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і ўрадам Кітая ў верасні 2018 года. Да гэтага біскупы з мацерыковага Кітая не мелі магчымасці ўдзельнічаць ні ў Другім Ватыканскім Саборы, ні ў наступных Сінодах Біскупаў.
Нагадваючы пра гэты ўдзел у еднасці з Паўсюдным Касцёлам, біскуп Ян Юнцян зазначыў: "Мы прытрымліваемся евангельскага духу, імкнёмся стаць усім для ўсіх, эфектыўна прыстасоўваемся да грамадства, служым яму, прытрымліваемся кірунку кітаізацыі каталіцызму і абвяшчаем Добрую Навіну. Каталіцкі Касцёл у Кітаі ініцыяваў актыўныя абмены з каталіцкімі супольнасцямі па ўсім свеце на аснове прынцыпаў роўнасці, сяброўства і ўзаемнай павагі. Мы праводзім абмены па такіх тэмах, як евангелізацыя і душпастырства ў Касцёле, сацыяльнае служэнне і тэалагічныя даследаванні; мы актыўна ўдзельнічаем у міжнародных мерапрыемствах і малітоўных сустрэчах за мір; мы імкнемся быць "святлом і соллю" для міру ва ўсім свеце і спрыяць стварэнню супольнасці, у якой чалавецтва магло б радавацца агульнаму лёсу; нарэшце, мы спрыяем развіццю з дапамогай розных праектаў”. Напрыканцы прамовы біскуп Ян Юнцян запрасіў каталіцкія супольнасці і рэлігійныя групы розных краін наведаць Касцёл ў Кітаі.
Другі біскуп Чжань Сілу засяродзіў увагу на гісторыі хрысціянства ў Кітаі, згадаў постаць езуіта Матэа Рычы і яго “эксперымент па адаптацыі хрысціянскага Евангелля да розных практык чалавечага жыцця”. Аднак "распазнаванне культурных адрозненняў і неабходнасць захавання сапраўднасці хрысціянскай веры сталі крыніцай блытаніны для місіянераў у Кітаі. Гэтая блытаніна прывяла да вядомай спрэчкі аб абрадах, якая мела месца менавіта ў маёй дыяцэзіі, Міньдуне. З гістарычнага пункту гледжання, адной з прычын гэтай няўдачы было тое, што Касцёл ігнараваў адрозненні і ўзаемадапаўняльнасць чалавечых культур", - сказаў біскуп Чжань Сілу. "Быць Сінадальным Касцёлам, які выконвае евангелізацыйную місію, - значыць паважаць і слухаць галасы розных гісторый, культур і традыцый на шляху пошуку канчатковай мэты чалавецтва, якой з'яўляецца Бог", - дадаў ён.
Да сучасных пытанняў, якія стаяць перад кітайскім Касцёлам, біскуп аднёс наступныя: “як вырашаць праблемы, з якімі сутыкаюцца змешаныя шлюбы ў сямейным выхаванні; як адаптавацца да мясцовых законаў і правілаў; як ліквідаваць блытаніну, якая існуе ў свецкіх паміж народнымі вераваннямі і некаторымі аспектамі традыцыйнай культуры".
“У новую эпоху перад Касцёлам стаіць новая задача – распазнаванне, хоць голас Святога Духа заўсёды ціхі і яго цяжка распазнаць. Менавіта таму пакорлівае вывучэнне як гістарычнага, так і сучаснага досведу з'яўляецца важным спосабам евангелізацыі, гэта значыць разумення новага шляху, які Пан паказвае Касцёлу”, - сказаў у сваёй прамове кітайскі іерарх.