Пошук

Дзяўчына ў кібуцы Бээры, на які 7 кастрычніка 2023 года напалі тэрарысты ХАМАС Дзяўчына ў кібуцы Бээры, на які 7 кастрычніка 2023 года напалі тэрарысты ХАМАС  (ANSA) Калонка рэдактара

Крык да неба, малітва аб міры: Тарніелі пра вайну ў Святой Зямлі

Пра эскалацыю вайны на Блізкім Усходзе праз год пасля тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль паразважаў у сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Андрэа Тарніелі падкрэсліў, што бесчалавечны тэрарыстычны акт ХАМАС супраць мірных грамадзян Ізраіля – дзяцей, падлеткаў, пажылых людзей, сем'яў – стаў яшчэ адным крокам ў кірунку прорвы Трэцяй сусветнай вайны. Свет, ужо пазначаны нападам Расіі на Украіну і многімі іншымі забытымі войнамі, убачыў рэзкую эскалацыю ізраільска-палесцінскага канфлікту. Трагічны вынік таго дня масавых забойстваў: больш за тысячу забітых і шматлікія закладнікі, многіх з якіх загінулі ў мінулыя месяцы. Трагічны вынік адказу Ізраіля: разбурэнне Газы, амаль 42 тысячы ахвяр, сярод якіх тысячы дзяцей. Сотні тысяч чалавек страцілі свае дамы і сталі бежанцамі. Яны жывуць у чаканні перамір'я і ў страху таго, што прыляцяць наступныя бомбы ці беспілотныя забойцы.

Бамбардзіроўкі, ракетныя ўдары па Ізраілю ліванскімі апалчэнцамі Хезбала і Іранам, уварванне ізраільскай арміі ў Ліван... Эскалацыя, здаецца, не мае канца.

На думку рэдактара, урады няздольныя пакласці канец бойні на Блізкім Усходзе, таксама як і кровапралітнай вайне, якая знішчае Украіну. У той час як велізарныя сумы трацяцца на гонку пераўзбраення, дыпламатыя адсутнічае на міжнароднай арэне. Палітыка маўчыць, словы перамовы і дамаўляцца не прамаўляюцца. Здаецца, ніхто не можа спыніць гэтую спіраль нечуванага гвалту.

Тарніелі нагадаў аб тым, што ў першую гадавіну тэракту 7 кастрычніка 2023 года, у дзень Маці Божай Ружанцовай, Францішак запрашае на асаблівы Дзень посту і малітвы за мір. У гэтыя месяцы Біскуп Рыма працягваў крычаць, патрабуючы спынення агню, але яго не чулі. Сёння да гэтага крыку далучаецца ўсё больш галасоў. Яны звяртаюцца да неба ў надзеі, што Пан гісторыі прасвятліць сэрцы кіраўнікоў нацый і прывядзе да "сумленных перамоў” і "высакародных кампрамісаў", каб пакласці канец ваеннаму вар'яцтву. Таму што нават самы недасканалы і ненадзейны мір лепшы, чым жах вайны, нават той, якую называюць справядлівай.

Дзяўчына на абломках разбуранага дома ў Газе
Дзяўчына на абломках разбуранага дома ў Газе

 

07 кастрычніка 2024, 12:39