Лічбавыя місіянеры з усяго свету далучыліся да малітвы ў Ватыкане
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Евангелізаваць “на прасторах, дзе людзі шукаюць сэнсу і любові” – гэта патрэба, пра якую згадваецца ў абагульняючым дакуменце Першай сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, некалькі разоў падкрэслівалася падчас малітоўнай ініцыятывы.
У анлайн-сустрэчы каталіцкіх інфлюэнсераў бралі ўдзел прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы: Паола Руфіні і ксёндз Люсіа Адрыян Руіс, адпаведна прэфект і сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі, а таксама ксёндз Луіс Мары дэ Сан Марцін, намеснік Генеральнага сакратара Сінода Біскупаў.
Карыстаючыся нагодай, ксёндз Руіс запрасіў блогераў прыняць удзел у Юбілеі лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў, які пройдзе 28-29 ліпеня 2025 года ў Ватыкане. Святар падкрэсліў, што іх служэнне з’яўляецца вельмі важным і ўпісваецца ў агульную місіянерскую дзейнасць Касцёла.
У сваю чаргу ксёндз Марын заклікаў памятаць, што Езус з’яўляецца “жывой асобай”, а не “аватарам” ці “лічбавай тоеснасцю”. Ён спаслаўся на тэму сёлетняга Сусветнага дня місій – Пайдзіце і запрасіце на вяселле ўсіх (пар. Мц 22,9) –заклікаючы “пакінуць камфорт і эгаізм”, даючы сведчанне “пра радасць Езуса” з “энтузіязмам людзей, якія любяць”. Гэта місія павінна дыстанцыравацца ад стварэння “груп выбраных” і “высакамерных і самадастатковых эліт”, але быць інтэграванай у агульны шлях народу і гісторыю, перакананы намеснік Генеральнага сакратара Сінода.
Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі паставіў у прыклад каталіцкім інтэрнэт-актывістам апостала Паўла, які быў здольным стаць “усім для ўсіх”, заўсёды прабываючы сярод людзей. Святы Павел служыў Пану “з усёй пакораю і ў слязах” – і гэта шлях, якім трэба ісці, заўсёды выбіраючы “адзінства, а не падзелы”, - дадаў Паола Руфіні.