Новы склад моладзевай групы дарадцаў пры Святым Пасадзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Моладзевая група дарадцаў – гэта канкрэтны адказ на пастулаты Сінода Біскупаў 2018 года, які быў прысвечаны моладзі, веры і распазнанню паклікання. Сінод заклікаў зрабіць рэальным і звычайным актыўны ўдзел маладых людзей у сумеснай адказнасці за Касцёл.
Новапрызначаны склад Групы (IYAB) будзе выконваць важную кансультацыйную і творчую функцыі. Супрацоўнічаючы з Дыкастэрыяй "у сінадальным стылі", маладыя людзі будуць глыбока вывучаць пытанні, звязаныя з душпастырствам моладзі і іншымі тэмамі шырэйшага значэння. Іх праца ахопіць не толькі Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям'і і жыцця, але і іншыя дыкастэрыі Рымскай курыі.
Новы склад IYAB адлюстроўвае шырокую геаграфію і разнастайнасць каталіцкай моладзі. Сярод 20 новых чальцоў – прадстаўнікі з Аўстраліі, Бразіліі, Канады, Калумбіі, Кубы, Даніі, Філіпін, Францыі, Гвінеі, Індыі, Інданезіі, Лівана, Мексікі, Нігерыі, Перу, Партугаліі, ЗША, Венгрыі і Зімбабвэ. Гэта забяспечвае прадстаўніцтва маладых людзей з розных культур і кантынентаў.
Другая кадэнцыя Міжнароднай моладзевай дарадчай групы працягне працаваць паводле мадэлі, якая паказала сваю эфектыўнасць у апошнія тры гады. Папярэдні склад групы не толькі падтрымліваў працу Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, але і ўключыўся ў ініцыятывы Сакратарыята Сінода Біскупаў, Дыкастэрыі па камунікацыі, а таксама ў арганізацыю Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне 2023 года.
Стварэнне і працяг дзейнасці Міжнароднай моладзевай дарадчай групы – дэманструе імкненне да актыўнага ўключэння моладзі ў працэсы прыняцця рашэнняў і фарміравання будучыні Касцёла на самым высокім узроўні.