Місіянерскі гарызонт: Тарніелі пра сінадальны дакумент
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News падкрэсліў, што гаворка ідзе пра ўсведамленне таго, што сінадальнасць – гэта спосаб жыцця і сведчання аб адзінстве. Ён нагадаў, што Касцёл – гэта не фірма ці партыя, што біскупы не “прэфекты” Рыма, а свецкія – не проста выканаўцы рашэнняў і дырэктыў духавенства.
Касцёл пакліканы зрабіць магчымай сустрэчу з Хрыстом
“Касцёл – гэта народ. Божы народ, які ідзе разам, а мэта яго існавання заключаецца не ў кіраванні структурамі, бюракратыі ці ўладзе. Не ў тым, каб заваёўваць і абараняць сваё месца ў свеце. Адзіная мэта яго існавання – зрабіць сустрэчу з Хрыстом магчымай сёння, у кожным месцы, дзе жывуць, працуюць, радуюцца, пакутуюць жанчыны і мужчыны нашага часу”, - дадаў галоўны рэдактар.
Сінадальнасць патрабуе змены менталітэту
Тарніелі зазначыў, што для гэтага фундаментальнае значэнне мае дух служэння і евангельскае сведчанне, якое праяўляецца таксама ў адносінах і спосабе прыняцця рашэнняў. “Сінод аб сінадальнасці, з яго перспектывамі, патрабуе многага ад кожнага. Ён патрабуе змены ментальнасці”, а не некалькіх “нязначных касметычных рэформ”. “Ён заклікае нанава адкрыць для сябе жаданне ісці разам” і ўпэўненасці, што “менавіта Пан вядзе свой Касцёл праз дар Святога Духа”. “Ён заклікае пераасэнсаваць служэнне ўлады, у тым ліку Наступніка святога Пятра. Заклікае свецкіх, асабліва жанчын, да больш адказнай ролі”, - дадаў Андрэа Тарніелі.
Выніковы дакумент на службе Касцёлу, які вырушае ў дарогу
“Гэта вобраз Касцёла, члены якога ўкаранёныя – у месцы, гісторыі, супольнасці, кантэксце – а ў той жа час з’яўляюцца пілігрымамі, гэта значыць знаходзяцца ў руху, пошуку, місіянерстве. Касцёльныя структуры, у гэтай новай перспектыве, больш не з’яўляюцца месцам, куды павінны сыходзіцца свецкія, але з’яўляюцца падтрымкай служэння, якое Божы народ здзяйсняе ў свеце”, - заўважыў эксперт, дадаючы, што “гарызонт тэксту” Выніковага дакумента, які Папа пажадаў неадкладна зрабіць даступным усяму Касцёлу – гэта місія. Ён хоча, каб заклік да быцця “Касцёлам, які вырушае ў дарогу”, змешчаны ў адгартацыі Evangelii gaudium, не застаўся толькі слоганам, а быў рэалізаваны пры ўдзеле ўсіх, падкрэсліў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.