Пошук

Намеснік камандзіра пра Швейцарскую гвардыю: маяк каштоўнасцей

Пра выклікі і перспектывы службы ў Швейцарскай гвардыі, пра захаванне традыцый у зменлівым свеце і падрыхтоўку да Юбілейнага 2025 года, распавёў у інтэрв’ю Vatican News намеснік камандзіра Швейцарскай гвардыі Лаік Расье.

Марыя Валодзіна - Vatican News

34-гадовы падпалкоўнік Лаік Расье – былы інспектар швейцарскай паліцыі, у якой ён назапасіў каштоўны вопыт. Службу на кіруючай пасадзе ў Швейцарскай гвардыі ён распачаў у 2022 годзе. Расье не прывыкаць да Ватыкану: з 2012 па 2014 год ён служыў алебардыстам у Швейцарскай гвардыі.

На яго думку, важна, каб афіцэр быў узорам для маладых гвардзейцаў, умацоўваў іх дух і адначасова вучыў сацыяльным навыкам. “Мне вельмі падабаецца гэтая роля выхавацеля, таму што маё прызначэнне дае мне магчымасць перадаць важныя для нас веды і каштоўнасці, дазваляючы маладым гвардзейцам добра служыць пераемніку Пятра”, - сказаў намеснік камандзіра.

Выклікі і сучасныя патрэбы

Найвялікшым выклікам для падпалкоўніка Расье з'яўляецца набор маладых рэкрутаў ва ўмовах росту секулярызацыі ў Швейцарыі. “Гэта з'ява закранае не толькі Швейцарыю, але і ўвесь заходні свет. У Еўропе мы назіраем страту арыентацыі, асабліва з пункту гледжання каштоўнасцяў і перакананняў. Я думаю, што ў пэўным сэнсе Папская Швейцарская гвардыя можа служыць свайго роду маяком, на які можа арыентавацца грамадства”, - лічыць афіцэр.

Акрамя таго, Швейцарская гвардыя рыхтуецца да павелічэння колькасці пілігрымаў: падчас Юбілейнага года чакаецца каля 45 мільёнаў чалавек. Каб справіцца з наплывам пілігрымаў, гвардзейцам спатрэбіцца належная падрыхтоўка, адзначыў Расье.

Важнасць традыцый і сучаснасці

“Тое, што робіць швейцарскую гвардыю адметнай – гэта спалучэнне традыцыі і сучаснасці. Мы адчуваем гэта штодня. Малады гвардзеец павінен быць адкрыты да шматкультурнага асяроддзя: ён жыве ў Вечным горадзе, дзе штодня сутыкаецца з тысячамі пілігрымаў, якім неабходна інфармацыя, а таксама з супрацоўнікамі Святога Пасада, якія прыязджаюць з розных краін свету”, - распавёў падпалкоўнік Расье.

Будаўніцтва новай казармы

Пасля завяршэння Юбілейнага года плануецца распачаць будаўніцтва новай казармы для швейцарскіх гвардзейцаў, колькасць якіх расце. “Першапачаткова колькасць вайскоўцаў складала 110 чалавек, але ў 2018 годзе Святы Айцец вырашыў павялічыць яе на 25 чалавек, так што зараз мы можам набіраць 135 гвардзейцаў. Казарма, пабудаваная ў іншыя часы, ужо не ў стане задаволіць сённяшнія патрэбы”, - патлумачыў Расье.

Роля жанчын у гвардыі

Грамадства развіваецца, адзначыў гвардзеец, і паўстала пытанне магчымага прыёму жанчын у Швейцарскую гвардыю, але рашэнне па гэтым пытанні будзе прымаць Святы Айцец.

Апостальскія падарожжы

Расье распавёў пра падрыхтоўку да замежных паездак Папы, якая ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з Дзяржаўным сакратарыятам і Ватыканскай жандармерыяй. Жаданне Францішка падтрымліваць прамы і асаблівы кантакт з вернікамі, “часам прымушае нашых калег за мяжой моцна пацець”, - падзяліўся Расье, маючы на ўвазе службы бяспекі прымаючых краін.

На пытанне пра асабістыя ўражанні ад падарожжаў Папы гвардзеец адказаў так: “Асабліва ўражлівым момантам у маёй прафесійнай кар'еры стала мая першая паездка ў якасці намесніка камандзіра ў Канаду ў 2022 годзе. Аднак найбольш глыбока кранула мяне падарожжа ў Афрыку. Гэта быў ашаламляльны досвед, які сведчыць аб велізарнай радасці людзей, якія там жывуць, асабліва ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. У заходнім свеце, дзе матэрыяльнае багацце часта з'яўляецца прыярытэтам, мы часам губляем пачуццё каштоўнасцяў і маралі. Я быў глыбока крануты радасцю афрыканцаў ад сустрэчы з Папам і цёплым прыёмам, аказаным яму мільёнамі людзей на вуліцах. Гэта сапраўды было ўражлівае і незабыўнае падарожжа”, - падзяліўся Лаік Расье.

03 кастрычніка 2024, 14:22