Пошук

Заключны сінадальны брыфінг (2024.10.26) Заключны сінадальны брыфінг (2024.10.26) 

Олерыш: з цягам часу католікі ўбачаць Касцёл, які цэніць іх

Сваімі думкамі пра сінадальны досвед падзяліўся ў інтэрв’ю Vatican News Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў, кардынал Жан-Клод Олерыш.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На яго думку, вынікі Генеральнай Асамблеі могуць паўплываць на штодзённае жыццё католікаў ва ўсім свеце: з цягам часу яны ўбачаць Касцёл, для якога яны маюць значэнне, які цэніць іх таленты, дары, жыццёвы досвед, бо яны належаць да ахрышчанага народа Божага.

“Навізна Сінода ў тым, што гэта працэс”, - адзначыў іерарх. Гэты працэс распачаўся ў 2021 годзе, асамблеі 2023 і 2024 гадоў былі яго важнымі этапамі. Працэс працягнецца і пасля заканчэння XVI Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Яго вынікі перадалі на разгляд і распазнаванне Святому Айцу, а той накіраваў іх усяму Касцёлу, мясцовым супольнасцям.

Адказваючы на пытанне пра ўплыў Сінода на штодзённае жыццё католікаў, кардынал Олерыш сказаў: "Верагодна, яны не ўбачаць імгненных змен, бо змены патрабуюць часу, і Святому Духу патрабуецца час, бо Ён павінен навярнуць нашы сэрцы. Звычайна час неабходны, бо мы супраціўляемся. Але з часам яны ўбачаць Касцёл, у якім яны маюць значэнне, для якога яны важныя, які цэніць іх таленты, дары, жыццёвы досвед, бо яны належаць да народа ахрышчаных. Яны належаць да святога народа Божага і праз хрост і канфірмацыю атрымалі місію. Гэтую місію мы выконваем усе разам як Касцёл, мясцовая супольнасць, парафія, дыяцэзія і гэтак далей."

“Я з радасцю і гонарам удзельнічаў у гэтым Сінодзе, і я жадаю, каб кожны мог атрымаць такі ж станоўчы досвед сінадальнасці, які атрымаў я”, - заўважыў напрыканцы інтэрв'ю кардынал Олерыш.

28 кастрычніка 2024, 10:14