Пошук

Францішак і Зяленскі: дыялог пра мір і надзею для Украіны

У пятніцу, 11 кастрычніка 2024 года, у Ватыкане адбылася сустрэча Папы Францішка з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, падчас якой абмяркоўваліся гуманітарная сітуацыя і магчымыя шляхі да справядлівага міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аўдыенцыя, якая пачалася ў 9.45 і доўжылася каля 35 хвілін, мела асаблівае значэнне ў кантэксце цяперашняй сітуацыі ва Украіне і міжнародных намаганняў па ўрэгуляванні канфлікту.

Пасля асабістай размовы з Папам, украінскі лідар сустрэўся з вышэйшымі прадстаўнікамі Святога Пасада: Кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. Сустрэча была прысвечаны абмеркаванню стану вайны і гуманітарнай сітуацыі ва Украіне, а таксама пошуку магчымых шляхоў да справядлівага і трывалага міру.

У ходзе размоў былі закрануты не толькі палітычныя і гуманітарныя аспекты канфлікту, але і пытанні, звязаныя з рэлігійным жыццём ва Украіне.

Традыцыйны абмен падарункамі паміж Папам і Прэзідэнтам набыў глыбокі сімвалічны сэнс у кантэксце сустрэчы. Францішак падарыў Зяленскаму бронзавую скульптуру кветкі, якая распускаецца, з надпісам: Мір – гэта крохкая кветка. Гэты жэст яскрава адлюстроўвае погляд на мір як на каштоўнасць, якая патрабуе пастаяннага клопату і ўвагі.

Сярод іншых падарункаў Пантыфіка былі сёлетняе Пасланне на Сусветны дзень міру, тамы папскіх дакументаў, кніга пра незвычайную малітву Urbi et Orbi 27 сакавіка 2020 года і кніга Пераследаваныя за праўду: украінскія грэка-католікі за жалезнай заслонай. Кожны з гэтых падарункаў нясе ў сабе глыбокі сэнс, звязаны з тэмамі міру, справядлівасці і духоўнай стойкасці.

У сваю чаргу, прэзідэнт Зяленскі перадаў Папу карціну Разня ў Бучы. Гісторыя Марычкі. Падарунак стаў моцным напамінам пра трагічныя падзеі вайны і падкрэсліў неабходнасць працягваць намаганні па ўсталяванні міру.

Сустрэча Папы Францішка і Прэзідэнта Зяленскага яшчэ раз падкрэсліла важную ролю Святога Пасада ў міжнародных намаганнях па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Яна прадэманстравала не толькі салідарнасць Каталіцкага Касцёла з украінскім народам, але і гатоўнасць Святога Пасада працягваць выконваць сваю ролю пасрэдніка і духоўнага лідара ў пошуках мірнага вырашэння канфлікту.
 

11 кастрычніка 2024, 12:45