Пошук

Новы пасол Еўрапейскага Саюза пры Святым Пасадзе Марцін Зельмайр Новы пасол Еўрапейскага Саюза пры Святым Пасадзе Марцін Зельмайр  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Пасол ЕС пры Святым Пасадзе: імкнуцца да справядлівага міру

Пераадолець шматвяковыя канфлікты і нянавісць шляхам супрацоўніцтва магчыма, аднак мір павінен быць справядлівым, - падкрэсліў новы пасол Еўрапейскага Саюза пры Святым Пасадзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

3 кастрычніка 2024 года Марцін Зельмайр, 54-гадовы нямецкі дыпламат, які раней займаў пасаду Генеральнага сакратара Еўрапейскай Камісіі, уручыў даверчыя граматы Папу Францішку. З гэтай нагоды ён даў інтэрв’ю Vatican News.

ЕС як мірны праект

Еўрапейскі Саюз быў задуманы як праект міру і застаецца ім. З моманту ўступлення ў ЕС паміж 27 краінамі-ўдзельніцамі не было ніводнай вайны. Гэта дасягненне Еўрапейскага Саюза, - падкрэсліў дыпламат. Ён прывёў у прыклад французска-нямецкую мяжу, дзе да гэтага часу відаць сляды Другой сусветнай вайны, але сёння людзі свабодна перасякаюць мяжу, нават не заўважаючы, што знаходзяцца па іншы бок.

Пошукі справядлівага міру

Дыпламат адзначыў, што нягледзячы на адрозненні, пераадолець шматвяковыя канфлікты і нянавісць праз супрацоўніцтва магчыма. “Ці не дзіўна, што еўрапейскі праект, з Дэкларацыяй Шумана, нарадзіўся ўсяго праз пяць гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны?” - спытаў ён. Гэты прыклад павінен даць нам надзею на тое, што дыпламатыя, супрацоўніцтва, пошук агульных рашэнняў, нават паміж на першы погляд несумяшчальнымі бакамі, магчымыя. Аднак мір павінен быць справядлівым. Нельга шукаць мір любой цаной, неабходна імкнуцца да міру, які б быў справядлівым і не ўзнагароджваў агрэсіўную вайну, - лічыць Зельмайр.

Выклікі адзінству

ЕС складаецца з 27 дзяржаў-членаў, таму працаваць над адзінствам трэба штодзень. Аднак яму ўдаецца захоўваць моцнае адзінства па 96% усіх пытанняў, - адзначыў пасол, падкрэсліваючы эфектыўнасць сумеснай працы ў такіх сферах, як харчовая бяспека і адказ на вайну ва Украіне. "Многія казалі, што мы ніколі не будзем адзінымі, што мы будзем павінны аднаўляць абмежавальныя меры кожныя шэсць месяцаў, што мы не справімся. Мы робім гэта ўжо некалькі гадоў. Таму я лічу, што наша адзінства мацнейшае, чым нехта думае”, - сцвердзіў Зельмайр.

Міграцыйная палітыка

Па пытанні міграцыі пасол падкрэсліў неабходнасць баланса паміж маральным абавязкам дапамагаць бежанцам і захаваннем стабільнасці 27 еўрапейскіх дэмакратый. Не будзе ніякай карысці ў тым, што гэтыя дэмакратыі аслабеюць, спрабуючы справіцца з праблемай міграцыі. “Таму я лічу, што трэба аб'яднаць абодва аспекты: даць грамадзянам упэўненасць у тым, што іх жыццю, асабістай бяспецы і сям'і нічога не пагражае, працягваючы пры гэтым гуманітарную працу, якую вядзе Еўрапейскі Саюз”, - сказаў дыпламат, прызнаючы, што простых рашэнняў гэтай праблемы не існуе.

Знешняя палітыка ЕС

Зельмайр адзначыў, што знешняя палітыка ЕС адносна маладая. У цяперашняй яе форме – з пасольствамі і міністрам замежных спраў – яна існуе толькі 15 гадоў, з моманту падпісання Лісабонскага дагавора. Ён заклікаў да цярплівасці ў гэтым пытанні: Еўрапейскі Саюз усё яшчэ “перажывае падлеткавы ўзрост у плане знешняй палітыкі”.

Сацыяльна-эканамічная мадэль

Пасол падкрэсліў, што эканамічная мадэль ЕС заснавана на прынцыпах сацыяльнай і экалагічнай рынкавай эканомікі. “Рынкавая эканоміка з'яўляецца яе асновай, таму што нам патрэбны сродкі, дабрабыт, для выканання абавязкаў - будзь то ў галіне сацыяльнай бяспекі ці гуманітарнай дапамогі. Але гэтая эканамічная сістэма таксама прадугледжвае адказнасць. Адказнасць за навакольнае асяроддзе, сацыяльны дабрабыт і правы чалавека.” І толькі калі Еўропа, як адзін з самых багатых кантынентаў, возьме на сябе гэтую адказнасць, яна зможа пераканаць іншыя часткі свету падзяліць яе, - зазначыў дыпламат.

05 кастрычніка 2024, 12:48