Пошук

Пяты дзень Сінода: блізкасць да людзей, якія пакутуюць ад вайны

Пяты дзень XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў прайшоў пад знакам гадавіны нападу ХАМАС на Ізраіль, - паведамілі 7 кастрычніка 2024 года на брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні распавёў аб тым, што ранішняя сесія Сінода, у якой прыняў удзел 351 чалавек, пачалася з малітвы за народы Блізкага Усхода, якія пакутуюць ад вайны. Францішак скіраваў пасланне да католікаў гэтага рэгіёна, заклікаючы да міру і спачування. Кардынал Грэк нагадаў удзельнікам Сінода аб тым, што 7 кастрычніка — Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру. Напярэдадні Святы Айцец прыняў удзел у ружынцовай малітве за мір, якая прайшла ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. Папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, ініцыяваў збор ахвяраванняў для каталіцкай парафіі ў Сектары Газа.

Руфіні адзначыў таксама, што ў Сінодзе прымаюць удзел 9 з 21 новага кардынала-намінанта, а менавіта: Луіс Херарда Кабрэра Эрэра, Тарчызіё Ісаа Кікучы, Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід, Ладзіслаў Нэмэт, Жаімэ Спэнглер, Іньяс Бэсі Догба, Дамінік Мацьё, Рабэрта Рэполе і Цімаці Пітэр Джозэф Рэдкліф.

Сакратар Інфармацыйнай камісіі Сінода Шэйла Пірэс паведаміла, што на аўторак, 8 кастрычніка, запланавана чацвёртая генеральная кангрэгацыя, падчас якой Сінод абярэ членаў камітэта па падрыхтоўцы выніковага дакумента. Пасля будуць прадстаўлены справаздачы моўных груп.

У сераду, 9 кастрычніка, пасля абеду адбудуцца першыя два тэалагічныя форумы на тэмы "Народ Божы як суб’ект місіі" і "Роля і ўлада біскупа ў сінадальным Касцёле".

Арцыбіскуп Мумбайскі, кардынал Освальд Грасіяс, падкрэсліў важнасць міжкультурнага дыялогу, які з'яўляецца неад’емнай часткай сінадальнага працэсу. “Касцёл павінен будаваць масты і сам быць мостам”, - сказаў ён, дадаючы, што яшчэ на Другім Ватыканскім Саборы былі закладзены прынцыпы прыняцця іншых культур і павагі да іх. Гэтыя пытанні таксама абмяркоўваліся на Сінодзе, які прайшоў у Азіі ў 2022 годзе. Ён распавёў аб тым, што зараз у Азіі прапануецца называць рэлігіі і канфесіі не іншымі, а суседнімі.

Старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE), арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас адзначыў, што салідарнасць з тымі, хто пакутуе ад наступстваў вайны, напрыклад, на Блізкім Усходзе і ва Украіне, спрыяе ўсведамленню таго, што "усе мы – адна сям'я, якая моліцца аб міры і адзінстве". Арцыбіскуп падкрэсліў неабходнасць умацавання сувязяў паміж Касцёламі, сказаўшы: "Наша місія – весці дыялог".

Сястра Марыя Тэрэза Бэран, старшыня Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц, заўважыла, што ў рамках сінадальнага працэсу палепшылася здольнасць слухаць адзін аднаго, што дазваляе лепш разумець перакананні іншых людзей. Уменне слухаць збліжае людзей з тымі, хто знаходзіцца ў ізаляцыі і маргіналізаваны. Саюз настаяцельніц, які яна ўзначальвае, надае вялікую ўвагу слуханню і дапамозе тым, хто знаходзіцца на перыферыі: у Сірыі, Ліване, Расіі, Украіне, В'етнаме, М'янме і Інданезіі.

Яна падкрэсліла, што ў розных краінах роля жанчын у Касцёле можа адрознівацца. “Ёсць шмат магчымасцяў для лідарства, але іх неабходна даследаваць і ацаніць”. Гэта тое, што адбываецца ў рамках сінадальнага працэсу, сказала сястра Марыя Тэрэза.

І хоць тэма жаночага святарства не з'яўляецца тэмай дадзенага Сінода, тэма ролі жанчын знаходзяцца ў цэнтры ўвагі Касцёла, паведаміў кардынал Грасіас. Яна абмяркоўвалася на апошніх трох пасяджэннях Рады кардыналаў па дапамозе Папу ў кіраванні Касцёлам.

У сваю чаргу, арцыбіскуп Грушас падкрэсліў, што ў розных месцах роля свецкіх і сем'яў можа выяўляцца па-рознаму, і таму важна даследаваць і ацаніць ролю не толькі жанчын, а ўсіх свецкіх вернікаў, сямей, мужчын і жанчын.

На пытанне пра ролю біскупаў, кардынал Грасіяс растлумачыў, што ў рамках Сінода створаны дзве групы, якія разглядаюць гэта пытанне: адна група – саму ролю біскупаў, другая – працэс іх прызначэння. Дзве групы супрацоўнічаюць паміж сабой. "Фігура біскупа мае фундаментальнае значэнне для Касцёла, і яго прызначэнне павінна быць здзейснена найлепшым чынам", - сцвердзіў кардынал.

08 кастрычніка 2024, 11:08