Пошук

Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі 

Сінод: умацаваць супрацоўніцтва Рымскай курыі і мясцовых Касцёлаў

Удзельнікі Сінода Біскупаў выказвалі пажаданне, каб Рымская курыя больш кансультавалася з мясцовымі Касцёламі пры падрыхтоўцы дакументаў, - адзначалася падчас сінадальнага брыфінгу, які прайшоў 17 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Камісіі па інфармацыі Асамблеі Паола Руфіні паінфармаваў журналістаў аб тым, што ўдзельнікі Сінода абмяркоўвалі ўзаемасувязі паміж сінадальнасцю і прыматам, а таксама падкрэслівалі важнасць укладу Усходніх Цэркваў у гэты працэс.

Гаворка не ішла пра тое, каб даваць біскупскім канферэнцыям магчымасць вызначаць новыя догматы ці абвяшчаць новыя праўды веры, але пра душпастырскае вымярэнне, звязанае з навучаннем адзінай веры Касцёла, інкультурыраванай у канкрэтны кантэкст, у адпаведнасці з выклікамі і патрэбамі пэўных народаў і ў еднасці з усім Касцёлам.

На Сінодзе Біскупаў было агучана пажаданне адносна таго, каб Рымская курыя больш кансультавалася з мясцовымі Касцёламі пры падрыхтоўцы дакументаў, а тым, хто працуе ў дыкатэрыях Святога Пасаду было прапанавана часцей наведваць малыя супольнасці і розныя дыяцэзіі.

Удзельнікі Сінода пажадалі, каб у Выніковым дакуменце была адзначана важнасць Эўхарыстыі, бо сінадальны Касцёл можа развівацца толькі дзякуючы Езусу і святлу Святога Духа, а ў адваротным выпадку ён становіцца самарэферэнтным.

Гаворка ішла таксама пра тое, як “укараніць досвед Сінода ў мясцовых Касцёлах, у прыватнасці – свабоду размаўляць адзін з адным без страху”. У сувязі з гэтым адзначалася, што Касцёлу патрэбна выходзіць у “ветраныя месцы”, дзе вее Дух, не хаваючыся ў бяспечных прытулках. Месцамі сінадальнасці павінны стаць “скрыжаванні” – месцы сустрэчы Евангелля з канкрэтнымі праблемамі і патрэбамі.

Удзельнікі Сінода Біскупаў абмяркоўвалі пытанні злучэння з парафіямі і епіскапатамі “віртуальных сетак”, такія як Talitha Kum, якая займаецца дапамогай ахвярам гандлю людзьмі. Удзельнікі сінадальнага сходу надавалі таксама вялікую ўвагу пытаннямі міграцыі. Прагучала прапанова правесці “касцёльную асамблею Міжземнамор’я, каб мець магчымасць непасрэдна пачуць голас мігрантаў”.

18 кастрычніка 2024, 09:20