Пошук

Удзельнікі сінадальнага брэфінгу. 22.10.2024 Удзельнікі сінадальнага брэфінгу. 22.10.2024 

Сінод уступіў у фінальную фазу дыскусій

У Ватыкане працягваецца праца над Выніковым дакументам Сінода. Удзельнікі абмяркоўваюць ролю моладзі і жанчын у Касцёле, а таксама выказваюць занепакоенасць сітуацыяй у свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пасяджэнні Сінода 22 кастрычніка 2024 года ў Зале Паўла VI прысутнічалі 343 удзельнікі разам з Папам Францішкам. Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня інфармацыйнай камісіі Паола Руфіні паведаміў, што гэтыя дні прысвечаны распрацоўцы modi – прапаноў па зменах у праекце фінальнага дакумента.

Сакратар сінадальнай інфармацыйнай камісіі Шэйла Пірэс падкрэсліла, што ўсе свабодныя выступленні былі засяроджаны на праекце Дакумента, які атрымаў высокую ацэнку за збалансаванасць, глыбіню і змястоўнасць.

“Моладзь просіць быць пачутай”

Адзін з самых маладых удзельнікаў Сінода звярнуўся да сінадальных айцоў і маці з хвалюючым заклікам: "Калі ласка, не пакідайце моладзь збоку, але ідзіце разам з намі; мы хочам ісці разам з вамі". Гэты зварот стаў адным з самых эмацыянальных момантаў пасяджэння.

Удзельнікі таксама абмяркоўвалі ролю свецкіх вернікаў, нацыянальных біскупскіх канферэнцый, святароў і прадстаўнікоў кансэкраванага жыцця. Асаблівая ўвага была нададзена малым хрысціянскім супольнасцям, якія з'яўляюцца важнай часткай Касцёла.

“Касцёл павінен рашуча выступаць супраць вайны”

У зале Сінода прагучаў заклік да Касцёла выказаць "рашучае і яснае “не" вайне. "Мы павінны працягваць прасіць і маліць аб спыненні гэтых канфліктаў", - падкрэслілі ўдзельнікі, - "інакш не застанецца жывога чалавека, які змог бы прачытаць гэты Дакумент".

Афрыканскі кардынал Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы, падзяліўся досведам сваёй краіны: "Наш Касцёл да нядаўняга часу быў місіянерскім і павінен адаптавацца да сацыякультурнага кантэксту. Скліканне Сінода стала для нас кайрасам – магчымасцю разам убачыць, як уявіць новы спосаб быць Касцёлам".

Арцыбіскуп Эндру Нкеа Фуанья з Камеруна падкрэсліў значэнне афрыканскага ўкладу ў Сінод, асабліва праз базавыя супольнасці і катэхетаў. "Афрыка – гэта асаблівае месца для сінадальнасці, яна ўрадлівая", - адзначыў ён.

“Выклікі постсекулярнага грамадства”

Біскуп Эсэна Франц-Ёзэф Овербэк прадставіў сітуацыю ў Германіі, дзе з 84 мільёнаў жыхароў палова не мае рэлігійнай прыналежнасці, а другая палова амаль пароўну падзяляецца паміж католікамі і пратэстантамі, з прысутнасцю больш за 4 мільёнаў мусульман.

Айцец Кларэнс Сандарарай Давэдасан з Малайзіі падкрэсліў, што ў большасці краін Азіі, за выключэннем Філіпін і Усходняга Тымора, католікі з'яўляюцца меншасцю. "Прастора для публічнага выяўлення веры, здаецца, становіцца ўсё меншай у многіх месцах, часткова з прычыны палітычнага і рэлігійнага экстрэмізму", - адзначыў ён.

“Жаночае служэнне ў Касцёле патрабуе новага асэнсавання”

На брыфінгу для журналістаў быў закрануты шырокі спектр пытанняў. Біскуп Овербэк распавёў, як у яго дыяцэзіі жанчыны прамаўляюць казанні і праводзяць набажэнствы для дзяцей з прычыны моўных абмежаванняў святароў з іншых краін.

Арцыбіскуп Фуанья падзяліўся досведам Камеруна, дзе ў аддаленых раёнах жанчыны-катэхеты адказваюць за падрыхтоўку да сакрамэнтаў. Кардынал Амбонга Бесунгу закрануў пытанне жаночага дыяканату, адзначыўшы неабходнасць удакладнення гэтай ролі ў касцельным служэнні.

Журналісты таксама цікавіліся пытаннямі асоб з адрознай сексуальнай арыентацыяй і культурнай разнастайнасці. Біскуп Овербэк адзначыў, што гэтыя тэмы патрабуюць далейшага дыялогу і ўдакладнення пазіцый з улікам розных культурных кантэкстаў.

“Гістарычная памяць і новыя перспектывы”

Асаблівую цікавасць выклікала тэма магчымай беатыфікацыі бельгійскага караля Балдуіна. Кардынал Амбонга Бесунгу выказаў адкрытую пазіцыю, падкрэсліўшы рэлігійнасць і мужнасць манарха, але таксама прызнаў наяўнасць "чорных плям" у яго біяграфіі, якія патрабуюць дадатковага вывучэння.

Фінальны дакумент Сінода рыхтуецца на італьянскай мове як афіцыйнай, але будзе перакладзены на многія мовы, уключаючы ўкраінскую і кітайскую. Гэта рашэнне было асабліва станоўча ўспрынята двума кітайскімі біскупамі, якія прысутнічаюць на Сінодзе.
 

23 кастрычніка 2024, 09:58