Сінод: Выніковы дакумент павінен быць зразумелы ўсім вернікам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Камісіі па інфармацыі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, расказаў журналістам пра галоўныя тэмы, якія ў апошнія дні абмяркоўваліся ўдзельнікамі сінадальнага сходу.
Евангелізацыя, кампетэнцыі епіскапатаў і прымат Біскупа Рыма
Гаворка ішла пра прысутнасць Касцёла ў лічбавай прасторы, ролю парафій, магчымасць перадачы некаторых дактрынальных кампетэнцый епіскапатам, важнасць кантынентальных біскупскіх канферэнцый для развіцця сінадальнасці.
Згадвалася таксама пра неабходнасць захавання адзінства Касцёла, пра місію Папы ў эпоху глабалізацыі і яго служэнне еднасці не толькі Каталіцкага Касцёла, але і з іншымі хрысціянамі, як найвышэйшага маральнага і духоўнага аўтарытэта. Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі падкрэсліў, што сярод удзельнікаў Сінода “ёсць вялікая ўвага да таго, каб Выніковы дакумент быў зразумелы ўсім вернікам”.
Праца тэолагаў і вылучэнне пытанняў, па якіх дасягнуты кансэнсус
Падчас брыфінгу слова ўзяў ксёндз Дарыё Віталі, каардынатар чатырох моўных сінадальных груп тэолагаў, якія пакліканы аналізаваць прапановы Асамблеі і ўказаць Камісіі па рэдагаванні Выніковага дакумента тыя элементы, па якіх ёсць згода, і тыя, якія застаюцца праблематычнымі.
“На шляху Касцёла, які слухае Духа, важным з’яўляецца кансэнсус”, - падкрэсліў італьянскі святар, дадаючы, што ў сувязі з гэтым тэолагі пакліканы “распазнаць від кансэнсусу, які выспявае на сходзе, каб тэкст Выніковага дакумента адпавядаў таму, што раздзяляюць усе ўдзельнікі, і таму, на што Дух указвае Касцёлу”.
Гаворачы пра прапановы пашырэння дактрынальных паўнамоцтваў епіскапатаў, ксёндз Віталі спаслаўся на motu proprio Яна Паўла ІІ Apostolos Suos ад 1998 года, у якім адзначалася, што біскупы з’яўляюцца сапраўднымі “настаўнікамі веры для вернікаў, давераных іх клопату”. Таму, напрыклад, яны кампетэнтныя выдаваць катэхізісы для сваёй тэрыторыі, пасля іх “ухвалення Святым Пасадам”. “Не маючы магчымасці абвяшчаць догматы, біскупы могуць займацца ўсім, што тычыцца веравучэння, заўсёды клапоцячыся пра тое, каб дзейнічаць у еднасці з Пантыфікам”, - дадаў тэолаг.
Камісія па кананічным праве аналізуе прапановы Сінода
Разам з тэолагамі на Сінодзе ўпершыню працуе Камісія экспертаў па кананічным праве, якая імкнецца лепш зразумець, як адаптаваць нормы кананічнага права да сучасных умоў, - расказаў журналістам яе прадстаўнік, ксёндз Сан Хасэ Прыска. Гэта група ўважліва аналізуе прапановы, што паступаюць на Сінодзе, і “разглядае магчымасць змен або ўвядзенне новых норм для ўдасканалення кананічнага права, як лацінскага, так і ўсходняга”, - дадаў святар.
Ксёндз Прыска заўважыў, што прапановы некаторых новаўвядзенняў будуць прадстаўлены Святому Айцу ў Выніковым дакуменце. Яны будуць датычыць пытання рад па душпастырскіх і эканамічных справах, а таксама іншых структур, якія прадугледжваюць актыўнае супрацоўніцтва паміж пастырамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі, і па якіх была дасягнута згода на Асамблеі.