Ксёндз Спадара пра Dilexit nos: міласэрнасць – сэрца вучэння Папы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Для разумення духоўнасці Папы, “важна памятаць, што вельмі значным этапам яго пантыфікату быў Юбілей Міласэрнасці”. “Тэма міласэрнасці, гэта значыць сэрца, якое становіцца блізкім, якое любіць глыбока (...) знаходзіцца ў цэнтры дзейнасці Папы, які абапіраецца на распазнаванне”, - адзначыў італьянскі езуіт у каментары для Vatican News.
“Францішак заўсёды адчуваў сябе “грэшнікам, збаўленым любоўю Бога”. Я памятаю, як ён казаў пра гэта ў першым інтэрв’ю на пачатку пантыфікату. Таму прыярытэтам для яго з’яўляецца любоў да Бога, а навяртанне – плён гэтай любові”, - сказаў святар, падкрэсліваючы, што Пантыфік надае важнае значэнне непасрэдным адносінам з Езусам, разуменню Хрыстовай любові, што дазваляе мацней любіць і наследаваць Яго.
“Напісанне энцыклікі пра сэрца кажа, што ўваход у Сэрца Хрыста дазваляе нам адчуць, што нас любіць сэрца чалавечае, поўнае пачуццяў, такіх жа, як нашы ўласныя. У гэтым сэнсе духоўнасць Францішка далёкая ад неўцелаўлёнасці і закамянеласці”, - дадаў езуіт.
Ксёндз Спадара падкрэсліў таксама, што сацыяльнае вучэнне Францішка – гэта прамы плён яго духоўнасці, духоўнасці Сэрца Хрыстовага. Пра гэта сам Папа выразна кажа ў сваім дакуменце, адзначаючы, што мы павінны злітавацца над параненай зямлёй.
“У гэтай энцыкліцы ён паказвае Езуса, які працягвае руку і аздараўляе... І дзякуючы Яго любові мы можам будаваць повязі братэрства, а таксама разам клапаціцца пра наш агульны дом. Таму я б не рабіў адрознення паміж сацыяльным і духоўным вучэннем Папы. Безумоўна, сэрца – гэта цэнтр, як духоўнага, так і сацыяльнага вучэння Францішка”, - сцвердзіў падсакратар ватыканскага ведамства.
Езуіт лічыць, што Пантыфік выбраў менавіта гэты момант для напісання энцыклікі Dilexit nos, бо адчувае, што “грамадства губляе сэрца”, выразам чаго з’яўляецца, з аднаго боку, пашырэнне абыякавасці, жорсткасці і канфліктаў, а з іншага, пагоня людзей за эфектыўнасцю, рацыянальнасцю, жыццём у фармаце “смарт”, у якім часта няма месца сардэчнасці.