Пошук

Падчас канферэнцыі АБСЕ. Ілюстрацыйнае фота Падчас канферэнцыі АБСЕ. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад: катаванні і смяротнае пакаранне недапушчальныя

Святы Пасад падкрэсліў неабходнасць абароны годнасці чалавека і недапушчальнасць катаванняў і смяротнага пакарання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пленарным пасяджэнні канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні 3 кастрычніка 2024 года ў Варшаве прадстаўнік Святога Пасада выступіў з моцнай заявай, падкрэсліўшы пазіцыю Каталіцкага Касцёла адносна катаванняў і смяротнага пакарання.

Дэлегацыя Святога Пасада падкрэсліла, што павага да годнасці чалавека павінна быць кіруючым крытэрыем у пераследзе і пакаранні за злачынствы, якія з'яўляюцца найбольш сур'ёзнымі нападамі на годнасць і цэласнасць чалавечай асобы.

Святы Пасад паслядоўна выступае за безумоўную павагу да жыцця з моманту зачацця да натуральнай смерці, а таксама рашуча асуджае ўсё, што парушае цэласнасць чалавечай асобы, уключаючы катаванні і спробы прымусу волі.

Асаблівую ўвагу ў заяве было нададзена пытанню смяротнага пакарання. Мансеньёр Павал Талапка падкрэсліў узрастаючае разуменне таго, што годнасць чалавека не губляецца нават пасля здзяйснення самых цяжкіх злачынстваў. У сувязі з гэтым Святы Пасад лічыць смяротнае пакаранне недапушчальным і працягвае рашуча выступаць за яго адмену ва ўсім свеце.

Ватыканскі дыпламат нагадаў пазіцыю Папы Францішка, які неаднойчы заклікаў міжнародную супольнасць гарантаваць падтрымку ахвярам катаванняў і іх сем'ям, а таксама ставіць годнасць чалавека вышэй за ўсё. Пантыфік папярэджваў, што без такога падыходу ахвяры перастаюць разглядацца як асобы і могуць падвяргацца бязлітасным здзекам, якія прыводзяць да смерці або пажыццёвай псіхалагічнай і фізічнай шкоды.
 

04 кастрычніка 2024, 09:39