Пошук

Удзельніцы святкавання свята Дзіпавалі Удзельніцы святкавання свята Дзіпавалі  (AFP or licensors)

Святы Пасад індуістам: братэрства – Божая задума для чалавецтва

“Індуісты і хрысціяне: прасоўваць гармонію сярод разнастайнасці і нягледзячы на адметнасці” – тэма сёлетняга паслання Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу да вызнаўцаў індуізму з нагоды свята Дзіпавалі, якое будзе адзначацца 31 кастрычніка 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У дакуменце, падпісаным прэфектам ведамства, кардыналам Мігелем Анхелем Аюса Гішотам, падкрэсліваецца важнасць міжрэлігійнай гармоніі ва ўмовах нарастаючай глабальнай разнастайнасці.

Ватыканскі іерарх заўважыў, што сучасныя гарады і краіны становяцца ўсё больш шматкультурнымі. У іх побач жывуць людзі розных веравызнанняў, этнічных груп, моў і ідэалогій. Ён адзначыў, што гэта разнастайнасць, якая можа быць крыніцай ўзаемнага ўзбагачэння, нярэдка адрынаецца, бо разглядаецца як патэнцыйнай пагроза гармоніі.

“У боскім плане разнастайнасць і адрозненні не павінны ўспрымацца як пагроза існаванню кагосьці, а як дар для гарманічнага суіснавання”, - падкрэсліваецца ў пасланні.

Асаблівую занепакоенасць Святога Пасаду выклікае рост рэлігійнага фундаменталізму, экстрэмізму, фанатызму, расізму і гіпернацыяналізму ў розных краінах свету, якія, разбураюць гармонію і параджаюць падазронасць, забабоны і страх паміж людзьмі.

“Як ніколі неабходна адкрыць нанова боскую задуму адносна чалавецтва і ўмацоўваць у нашых супольнасцях, гарадах і краінах дух братэрства, які аб’ядноўвае ўсіх як Божых дзяцей і братоў і сясцёр. Такім чынам мы будзем здольнымі будаваць масты і перамагаць розныя формы маральнай, эканамічнай і сацыяльнай няўпэўненасці і дысгармоніі”, - напісаў кардынал Аюса Гішот.

Іерарх нагадаў пра важнасць канкрэтных учынкаў з боку паасобных людзей, сем’яў, адукацыйных устаноў, СМІ, супольнасцяў і дзяржаў і асаблівым чынам падкрэсліў ролю рэлігійных лідараў, пакліканых заахвочваць вернікаў сваіх супольнасцяў змагацца за гармонію.
 

24 кастрычніка 2024, 12:00