Генеральная Асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота Генеральная Асамблея ААН. Ілюстрацыйнае фота  (2022 Getty Images)

Святы Пасад у ААН: адмовіцца ад логікі легітымнасці вайны

Адмовіцца ад логікі вайны і імкнуцца да справядлівага доўгатэрміновага міру заклікаў міжнародную супольнасць Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

17 кастрычніка 2024 года арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у агульных дэбатах Першага камітэту 79-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. У сваім звароце ён падкрэсліў неадкладнасць раззбраення і пошуку новых шляхоў да міру. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Дыпламат адзначыў, што сучасны свет сутыкаецца з беспрэцэдэнтнай пагрозай міру. Рост узброеных канфліктаў і павелічэнне ваенных выдаткаў пагаршаюць пакуты і страх, асабліва найбольш уразлівых: дзяцей, старых і бедных.

Папа Францішак неаднаразова падкрэсліваў, што для дасягнення міру неабходна адысці ад логікі легітымнасці вайны. Прыйшоў час сказаць рашучае не вайне з яе патэнцыйна катастрафічнымі наступствы, - падкрэсліў арцыбіскуп Кача.

Заклік да раззбраення

Важна праводзіць палітыку раззбраення, паколькі вера ў стрымліванне зброі – ілюзорная, лічыць дыпламат. Ён адзначыў важнасць Дагавора аб забароне ядзернай зброі, назваўшы яго "маяком надзеі і прагрэсу", асабліва на фоне сумнага тупіка, у якім апынулася Дзясятая канферэнцыя па разглядзе дзеяння Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Для дасягнення амбіцыйнай мэты – адмовы ад выкарыстання ядзернай зброі – першараднае значэнне маюць строгія меры кантролю, адзначыў арцыбіскуп Кача, заклікаючы дзяржавы зрабіць канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку.

Этычныя выклікі новых тэхналогій

Арцыбіскуп Кача звярнуў увагу на новыя пагрозы, якія ўзнікаюць з-за выкарыстання сучасных тэхналогій у распрацоўцы новых відаў зброі. Ён падкрэсліў важнасць прыняцця міжнародных норм, якія гарантавалі б кантроль за смертаноснымі аўтаномнымі сістэмамі выключна з боку чалавека.

Аўтаномнасць машын у прычыненні шкоды і смерці выклікае сур'ёзныя юрыдычныя і маральныя пытанні. Прадстаўнік Святога Пасада падтрымаў рэкамендацыю Генеральнага сакратара ААН заключыць да 2026 года міжнародную дамову па забароне такіх сістэм.

Святы Пасад таксама падтрымлівае стварэнне міжнародных норм у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, каб прадухіліць кібератакі на гуманітарныя ўстановы: шпіталі, школы, сістэмы размеркавання харчавання, - зазначыў дыпламат.

Мірнае выкарыстанне космасу

Арцыбіскуп Кача падкрэсліў таксама неабходнасць захаваць космас выключна для мірных мэт. Ён выказаў занепакоенасць ростам даследаванняў і інвестыцый у супрацьспадарожнікавыя тэхналогіі і іншыя сродкі вядзення канфліктаў у космасе, а таксама ростам перагружанасці арбіт і касмічнага смецця.

Забарона звычайных узбраенняў

Прадстаўнік Святога Пасада адзначыў, што традыцыйная зброя працягвае наносіць непапраўную шкоду мірным жыхарам. Некантралюемы рост ваенных выдаткаў пагаршае сітуацыю і адцягвае рэсурсы ад забеспячэння сапраўднай бяспекі людзей. Арцыбіскуп Кача заклікаў міравую супольнасць перагледзець свае прыярытэты ў размеркаванні сродкаў і ствараць культуру міру і жыцця замест культуры вайны і смерці.

18 кастрычніка 2024, 13:34