Пошук

Штучны інтэлект Штучны інтэлект 

Святы Пасад у ААН: карысць лічбавых тэхналогій залежыць ад этыкі

Пра важнасць этычнага выкарыстання лічбавых тэхналогій нагадаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 кастрычніка 2024 года арцыбіскуп Этарэ Балестрэра прыняў удзел у міжсесійнай нарадзе Камісіі ААН па навуцы і тэхналогіях. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што лічбавае асяроддзе стала неад’емнай часткай нашага паўсядзённага жыцця. Імклівы прагрэс у лічбавай сферы закранае важнейшыя аспекты чалавечага існавання, патрабуючы ад нас “творчых намаганняў думкі і дзеяння”. Адным з такіх намаганняў стала прыняцце Глабальнага лічбавага пакта (Global Digital Compact), які уяўляе сабой важны крок на шляху развіцця міжнароднага супрацоўніцтва.

Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў, што карысць, якую чалавецтва можа атрымаць ад лічбавага прагрэсу, будзе залежаць ад этычнага выкарыстання новых тэхналогій.

На яго думку, Камісія ААН па навуцы і тэхналогіях можа адыграць важную ролю ў трох асноўных напрамках. Па-першае, Камісія валодае ўнікальнымі магчымасцямі для правядзення дыскусій па пытаннях кіравання штучным інтэлектам. Яна можа спрыяць распрацоўцы кіруючых прынцыпаў этычнага развіцця штучнага інтэлекту, нарошчванню патэнцыялу ў краінах, якія развіваюцца, служыць форумам для наладжвання партнёрскіх адносін. Такія намаганні дазволяць стварыць міжнародны дакумент, які б рэгуляваў распрацоўку і выкарыстанне штучнага інтэлекту.

Па-другое, тэхналогіі штучнага інтэлекту абапіраюцца на два слупа: вылічальныя магутнасці і даныя. Для атрымання максімальнай карысці ад гэтых сістэм неабходна ўмацоўваць вылічальныя рэсурсы ў краінах, якія развіваюцца, а таксама ствараць нарматыўна-прававую базу для кіравання данымі. Арцыбіскуп Балестрэра заклікаў да аказання тэхнічнай дапамогі і развіцця патэнцыялу ў гэтай галіне.

Нарэшце, улічваючы тое, што лічбавыя тэхналогіі спрыяюць усебаковаму развіццю і дабрабыту чалавека, доступ да іх павінен быць гарантаваны ўсім людзям, уключаючы тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці, аддаленых раёнах і найменш развітых краінах, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада.

22 кастрычніка 2024, 10:43