Пошук

Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Святы Пасад у ААН: у свеце назіраецца сур'ёзны наркатычны крызіс

Праблемам злачыннасці і барацьбы з наркотыкамі былі прысвечаны два звароты арцыбіскупа Габрыэле Качы да ўдзельнікаў 79-й сесіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна - Vatican News

7 кастрычніка 2024 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у пасяджэнні Трэцяга камітэта Генеральнай Асамблеі ААН, на якім разглядаліся пытанні прадухілення злачыннасці і міжнароднага кантролю наркотыкаў.

Барацьба з наркотыкамі

У сваім першым звароце арцыбіскуп Кача адзначыў, што нягледзячы на прынятыя ў 2009 годзе дэкларацыю і план дзеянняў, праблема наркаманіі працягвае распаўсюджвацца. Свет сутыкнуўся “з сур'ёзным апіоідным крызісам, а новыя псіхаактыўныя рэчывы захапілі значную частку сусветнага нелегальнага рынку наркотыкаў”.

Прадстаўнік Святога Пасада прапанаваў трохбаковы падыход да вырашэння праблемы, заснаваны на стварэнні эфектыўнай, справядлівай, гуманнай і надзейнай сістэмы крымінальнага правасуддзя; комплекснай дапамозе нарказалежным праз лячэнне, псіхалагічную падтрымку і рэабілітацыю; і прафілактыку нарказалежнасці праз адукацыю, асабліва сярод моладзі.

Злачыннасць, гандаль людзьмі і органамі

У другім звароце арцыбіскуп Кача падкрэсліў сувязь паміж уразлівым сацыяльным становішчам і злачыннасцю. “Беднасць, нізкі ўзровень адукацыі і беспрацоўе з'яўляюцца асноўнымі фактарамі рызыкі, якія вядуць да злачыннасці”, - сказаў ён.

Асаблівую занепакоенасць выклікаюць злачынствы, звязаныя з гандлем органамі і людзьмі з мэтай атрымання органаў, адзначыў дыпламат, падкрэсліўшы неабходнасць прыкласці асаблівыя намаганні для прадухілення гандлю дзецьмі і абароны дзяцей ад эксплуатацыі ў інтэрнэце.

З іншага боку, пры вызначэнні крымінальных пакаранняў неабходна паважаць чалавечую годнасць, нагадаў прадстаўнік Святога Пасада. “Смяротнае пакаранне – непрымальнае не толькі таму, што ўшчамляе правы чалавека і святасць жыцця, але і таму, што існуюць больш эфектыўныя сродкі абароны грамадскага парадку і бяспекі людзей”, - адзначыў арцыбіскуп Кача, заклікаючы надаваць асаблівую ўвагу прафілактыцы і рэабілітацыі асуджаных, а не толькі іх пакаранню.

08 кастрычніка 2024, 12:54