Святы Пасад у АБСЕ: свабода СМІ сведчыць пра стан здароўя нацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Вене прымае ўдзел у Канферэнцыі па чалавечаму вымярэнню, якая праходзіць у Варшаве 31 верасня - 11 кастрычніка 2024 года. Заява, з якой ён звярнуў да ўдзельнікаў трэцяй сесіі канферэнцыі 2 кастрычніка, тычылася пытання абароны свабоды слова і веравызнання.
У сваім звароце мансеньёр Гіра нагадаў словы святога Яна Паўла II аб тым, што “чалавек і чалавечая супольнасць з'яўляюцца канчатковай мэтай і мерай выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі”. Ён падкрэсліў, што, згодна з Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, сродкі масавай інфармацыі павінны служыць агульнаму дабру і засноўвацца на праўдзе, свабодзе, справядлівасці і салідарнасці.
Незалежнасць і адказнасць СМІ
Дыпламат падкрэсліў, што СМІ павінны імкнуцца да аўтаноміі і пры гэтым аказваць станоўчы ўплыў на мір, бяспеку і абарону чалавечай годнасці. Такі падыход не толькі дае СМІ магчымасць дзейнічаць незалежна, але і накладвае на іх асаблівыя “абавязкі і адказнасць”.
Выказваць свае думкі без страху
Прадстаўнік Святога Пасада закрануў такое пытанне, як адносіны паміж свабодай слова і свабодай веравызнання. На яго думку, абарона рэлігійнай свабоды не выключае магчымасці крытычных дэбатаў або сур'ёзных дыскусій па пытаннях духоўнасці, аднак яна не павінна выкарыстоўвацца як падстава для апраўдання “негатыўных стэрэатыпаў, нецярпімасці, дыскрымінацыі, варожасці або гвалту ў дачыненні да рэлігій або да іх прадстаўнікоў". Сродкі масавай інфармацыі павінны даваць магчымасць для выказвання шырокага спектра меркаванняў, нават калі яны ідуць "супраць плыні", супярэчаць агульнапрынятым поглядам. Гэта прывяло б да "больш багатага і шырокага" абмену думкамі.
Журналісты на службе агульнага дабра
Што тычыцца журналістаў, то яны, на словах прадстаўніка Святога Пасада, "абавязаны служыць агульнаму дабру". Яны абавязаны даваць “дакладную, аб'ектыўную і збалансаваную інфармацыю”, асабліва ў час канфліктаў. Распаўсюджваючы непрадузятыя навіны, журналісты спрыяюць "глыбокаму разуменню", якому "часта не могуць ці не хочуць” спрыяць урадавыя інфармацыйныя агенцтвы. Гэта асабліва тычыцца "моцных чалавечых пакут", якія суправаджаюць любую канфліктную сітуацыю. Падкрэсліваючы чалавечыя пакуты, журналісты могуць стымуляваць калектыўныя дзеянні міжнароднай супольнасці, лічыць дыпламат.
Патрэба ў свабоднай журналістыцы
Напрыканцы свайго выступлення мансеньёр Гіра нагадаў словы Папы Францішка, які, каментуючы гібель некаторых журналістаў падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў, сказаў, што свабода прэсы і слова з'яўляецца адным з галоўных “паказчыкаў стану здароўя нацыі”. “Давайце не будзем забываць, што адна з першых мер, якія прымаюць дыктатуры, - гэта пазбаўленне свабоды прэсы або яе маскіроўка, абмежаванне. Нам патрэбна свабодная журналістыка”, - працытаваў словы Францішка ватыканскі дыпламат.