Пошук

Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН 

Кача: стварыць прававы дакумент па злачынствах супраць чалавецтва

Арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў у падтрымку ідэі стварэння юрыдычнага інструмента па прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць чалавечнасці. Такі дакумент паложыць канец беспакаранасці злачынцаў і абароніць годнасць ахвяр, - падкрэсліў арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14 кастрычніка 2024 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН выступіў на пасяджэнні Шостага камітэту 79-сесіі Генеральнай асамблеі ААН, прысвечаным тэме злачынстваў супраць чалавечнасці.

Дыпламат падкрэсліў, што звычаёвае міжнароднае права ўжо даўно прызнае злачынствы супраць чалавецтва міжнароднымі злачынствамі, аднак распрацоўка ўніверсальнага, шматбаковага і юрыдычна абавязковага дакумента значна паспрыяла б міжнароднаму супрацоўніцтву ў прадухіленні і пакаранні гэтых злачынстваў.

Вызначэнне злачынстваў супраць чалавечнасці павінна засноўвацца на міжнародным праве. Любыя адхіленні ад існуючых вызначэнняў, прынятых у Статуце Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), могуць аслабіць новы інструмент і перашкодзіць дасягненню кансэнсусу, - папярэдзіў арцыбіскуп Кача.

У гэтай сувязі, іерарх выказаў занепакоенасць Святога Пасада з нагоды змянення паняцця гендэр. Вызначэнні, якія адрозніваюцца ад прынятых у Статуце Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) і не ўлічваюць біялагічную рэчаіснасць двух палоў, могуць падарваць намаганні па прадухіленні і пакаранні злачынстваў, якія непрапарцыйна закранаюць жанчын, такіх як згвалтаванне, сексуальнае рабства і прымусовая прастытуцыя, - папярэдзіў ён.

Святы Пасад не можа таксама пагадзіцца з любымі зменамі ў вызначэнні паняцця прымусовая цяжарнасць, прынятым у артыкуле 7 Статута МКС, - адзначыў ватыканскі дыпламат.

Новы дакумент павінен кіравацца прынцыпам камплементарнасці, які абавязвае краіны праследаваць злачынствы ў сваіх межах і супрацоўнічаць з іншымі краінамі ў экстрадыцыі і прыцягненні злачынцаў да адказнасці, - дадаў арцыбіскуп Кача.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў да захавання прынцыпаў законнасці і асноў крымінальнага правасуддзя, такіх як прэзумпцыя невінаватасці і права на належны судовы працэс. "У гэтым кантэксце недарэчна спрабаваць змяняць нормы, звязаныя з працэсуальным імунітэтам замежных службовых асоб. Гэты імунітэт, які грунтуецца на прынцыпах суверэнітэту і неўмяшання, з'яўляецца неабходным для захавання міру і сяброўскіх адносін паміж дзяржавамі”, - адзначыў ён.

Новы дакумент павінен уключаць палажэнні, якія дазваляюць краінам адмаўляцца ад экстрадыцыі ў выпадку рызыкі прымянення смяротнага пакарання, катаванняў або іншага жорсткага ці бесчалавечнага абыходжання, - лічыць дыпламат.

Арцыбіскуп Кача нагадаў пра неабходнасць забяспечыць годнасць ахвярам злачынстваў супраць чалавечнасці. Заканадаўства павінна гарантаваць ім кампенсацыю і дапамогу. Падтрымку павінны аказваць дзяржаўныя ўлады, міжнародныя арганізацыі, няўрадавыя ўстановы і рэлігійныя дабрачынныя арганізацыі. Гэта дазволіць ахвярам злачынстваў супраць чалавечнасці аднавіцца і інтэгравацца ў грамадства.

Прадстаўнік Святога Пасада падтрымаў ідэю стварэння юрыдычнага інструмента па прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць чалавечнасці на аснове звычаёвага права. Такі дакумент будзе спрыяць абароне чалавечай годнасці, міжнароднаму супрацоўніцтву і спыненню беспакаранасці злачынцаў, лічыць арцыбіскуп Кача.

15 кастрычніка 2024, 11:33