Пошук

Запарожская атамная электрастанцыя ва Украіне Запарожская атамная электрастанцыя ва Украіне 

Святы Пасад: забеспячыць ядзерную бяспеку ў раёнах АЭС

Пра ўздзеянне атамнай радыяцыі на здароўе людзей і прыроду, а таксама пра праблемы найбольш уразлівых краін, казаў у сваіх зваротах да Генасамблеі ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 кастрычніка 2024 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН выступіў з дзвюма заявамі на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі ў Нью-Ёрку.

Уздзеянне радыяцыі на здароўе людзей і прыроду

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння Чацвёртага камітэта, прысвечанага пытанню ўздзеяння атамнай радыяцыі на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, дыпламат падкрэсліў небяспеку радыяцыі для жанчын, дзяцей, у тым ліку ненароджаных, і карэнных народаў, а таксама неабходнасць аказання дапамогі забруджаным тэрыторыям.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў занепакоенасць у сувязі з магчымасцю некантралюемага выкіду радыяцыі у выніку ваенных канфліктаў, асабліва ў непасрэднай блізкасці ад Запарожскай і Курскай АЭС. “Патэнцыйная небяспека таго, што гэтыя аб'екты могуць стаць мішэнню, пагражае не толькі навакольнаму асяроддзю, але і здароўю і бяспецы насельніцтва”, - сказаў ён, заклікаючы да неадкладных дзеянняў па мінімізацыі ядзернай рызыкі і аховы здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.

Арцыбіскуп Кача заклікаў да ратыфікацыі Дагавора аб забароне ядзернай зброі і Дагавора аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў, адзначыўшы, што гэтыя міжнародныя інструменты маюць найважнейшае значэнне для аховы навакольнага асяроддзя і нявінных людзей ад шкоднага ўздзеяння ядзернай радыяцыі.

Краіны ў складаных сітуацыях

У заяве да ўдзельнікаў пасяджэння Другога камітэта Генасамблеі ААН на тэму развіцця краін, якія апынуліся ў складаным становішчы, прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што міжнародная супольнасць, як сям'я нацый, павінна рэагаваць на праблемы найбольш уразлівых дзяржаў, якія сутыкаюцца з цяжкімі эканамічнымі і сацыяльнымі выклікамі.

Арцыбіскуп Кача вылучыў тры катэгорыі такіх краін: найменш развітыя краіны, якія пакутуюць ад беднасці, недахопу рэсурсаў і наступстваў змены клімату; краіны на шляху развіцця, якія не маюць выхаду да мора; а таксама малыя астраўныя дзяржавы, якія пакутуюць ад змены клімату, стыхійных бедстваў і павышэння ўзроўню мора.

Ватыканскі дыпламат заклікаў да міжнароднай салідарнасці з гэтымі краінамі, скарачэння іх даўгавых абавязкаў і стварэння ўмоў для іх устойлівага росквіту і развіцця.

22 кастрычніка 2024, 13:11