Запуск касмічнага карабля ў Кітаі. Ілюстрацыйнае фота Запуск касмічнага карабля ў Кітаі. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад заклікаў да мірнага выкарыстання космасу

Пра важнасць выкарыстання космасу ў мірных мэтах казаў у сваіх зваротах да ўдзельнікаў 79-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку пастаянны назіральнік Святога Пасада, арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна - Vatican News

30 кастрычніка 2024 года прадстаўнік Святога Пасада ў ААН выступіў з дзвюма заявамі на тэму мірнага выкарыстання касмічнай прасторы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння Чацвёртага камітэта Генасамблеі арцыбіскуп Кача згадаў словы Папы Паўла VI, сказаныя ў 1968 годзе, калі ў свеце панавала халодная вайна і гонка ўзбраенняў. Пантыфік казаў тады аб тым, што касмічныя тэхналогіі павінны спрыяць міру і дабру ўсяго чалавецтва. Сёння, праз амаль 60 гадоў, гэтыя словы захоўваюць актуальнасць, бо міжнародная супольнасць працягвае сутыкацца “з балючымі рэаліямі ўзброеных канфліктаў і мілітарызацыі”.

Ватыканскі дыпламат выказаў занепакоенасць ростам выпрабаванняў супрацьспадарожнікавых узбраенняў. На яго думку, гэта стварае сур'ёзную рызыку для бяспечнага выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных грамадзянскіх мэтах, напрыклад, у галіне спадарожнікавых тэхналогій, імклівы прагрэс у развіцці якіх значна ўзмацніў нашу залежнасць ад выкарыстання космасу. Смецце на нізкай калязямной арбіце перашкаджае яе мірнаму выкарыстанню.

Арцыбіскуп Кача заклікаў да міжнароднага супрацоўніцтва і шматбаковага падыходу, каб забяспечыць мірнае выкарыстанне космасу на карысць як цяперашняга, так і будучых пакаленняў.

Іерарх таксама падкрэсліў важную ролю Камітэта па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах ў стварэнні кіруючых прынцыпаў засваення космасу. У пытаннях космаса “агульнае дабро ўсяго чалавецтва павінна быць пастаўлена вышэй вузкіх нацыянальных і камерцыйных інтарэсаў”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кача.

У другой прамове да ўдзельнікаў тэматычнай дыскусіі па пытаннях раззбраення адкрытага космаса, якая прайшла ў Першым камітэце Генасамблеі, дыпламат падкрэсліў важнасць агульнай адказнасці чалавецтва за мірнае выкарыстанне касмічнай прасторы. Ён нагадаў, што “мір і бяспека выходзяць далёка за межы нашай планеты і ахопліваюць бязмежную прастору космаса”. Згодна з Дагаворам аб космасе 1967 года, “даследаванне і выкарыстанне касмічнай прасторы [...] з'яўляецца прэрагатывай усяго чалавецтва”. Космас з’яўляецца агульным дабром, і кожная дзяржава нясе за яго адказнасць на карысць як цяперашняга, так і будучых пакаленняў.

Пастаянны назіральнік Святога Пасада выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што міжнародная супольнасць да гэтага часу не здолела дасягнуць кансэнсусу па забароне ўсіх відаў зброі ў космасе і выказаў спадзяванне на станоўчыя вынікі пасяджэння Рабочай групы па скарачэнні касмічных пагроз, маючага адбыцца ў 2025 годзе.

31 кастрычніка 2024, 13:10