Удзельнікі Сінода Біскупаў Удзельнікі Сінода Біскупаў  (Vatican Media)

Сінод адкрывае новыя тэалагічныя пляцоўкі для абмеркавання

Сінод па сінадальнасці пашырае свае межы, арганізуючы чатыры тэалагічна-душпастырскія форумы для паглыблення ключавых тэм. Першыя два пройдуць 9 кастрычніка 2024 года, яшчэ два – праз тыдзень.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На першых двух пляцоўках удзельнікі Асамблеі абмяркуюць пытанне Народа Божага як суб'екта місіі і Ролі і аўтарытэту біскупа ў Касцёле сінадальным. Абедзьве дыскусіі будуць трансліравацца з 18.00 да 19.45 у прамым эфіры з сінхронным перакладам на розныя мовы на YouTube-каналах Vatican News.

Кожны форум уключыць выступы тэолагаў, экспертаў па кананічным праве і аднаго з біскупаў. Першая частка будзе прысвечана дакладам, а другая – пытанням ад прысутных у актавай зале Генеральнай курыі езуітаў і актавай зале Папскага патрыстычнага інстытута Аўгустыніянум.

Форумы з'яўляюцца адказам на патрэбу, якая ўзнікла падчас першай сесіі Асамблеі ў кастрычніку 2023 года, у паглыбленні тэалагічнага, кананічнага і душпастырскага разумення значэння сінадальнасці для розных аспектаў веры Касцёла. Яны таксама дадуць магчымасць тэолагам і кананістам унесці свой уклад у працу Сінода.

Тэалагічна-душпастырскія дыскусіі 16 кастрычніка 2024 года будуць прысвечаны пытанням узаемадзеяння паміж мясцовымі Касцёламі і Паўсюдным і сувязі паміж ажыццяўленнем прымату і Сінодам Біскупаў.

Акрамя ўдзельнікаў Сінода, на форумы запрошаны журналісты, акрэдытаваныя пры Зале Друку Святога Пасада, а таксама ўсе зацікаўленыя асобы, у залежнасці ад наяўнасці месц.
 

09 кастрычніка 2024, 14:54