Пошук

У Рыме пройдзе восеньскі Дзень катакомбаў

12 кастрычніка 2024 года ў Рыме пройдзе VII восеньскі Дзень катакомбаў, у рамках якога можна бясплатна наведаць старажытныя хрысціянскія некропалі. Тэма сёлетняга мерапрыемства – Ад успаміну да малітвы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Дзень катакомбаў дазволіць наведвальнікам трапіць туды, куды звычайна не трапляе шырокая публіка. Будуць адчыненыя Катакомбы святога Лаўрэнція ў Верана, Катакомбы святой Тэклы, Катакомбы Прэтэстата, частка Катакомбаў Даміцылы, Катакомбы Джэнерозы, а таксама музей Тарэта ў Катакомбах святога Каліста. Уваход бясплатны. Акрамя рымскіх катакомбаў, у мерапрыемстве будуць удзельнічаць катакомбы Лацыё і іншых італьянскіх рэгіёнаў.

Сем'ям з дзецьмі прапануюцца культурныя мерапрыемствы. Майстар-класы дазволяць маленькім наведвальнікам пазнаёміцца з гісторыяй хрысціянства з дапамогай гульняў і творчых заняткаў.

Для ўдзелу ў мерапрыемстве неабходна зарэгістравацца на сайце Папскай камісіі па сакральнай археалогіі або на сайце Дня катакомбаў. Колькасць месцаў абмежаваная па меркаванням бяспекі, таму папярэдняе браніраванне абавязковае.

Як паведаміла Папская камісія па сакральнай археалогіі, у Юбілейны 2025 год Дні катакомбаў праводзіцца не будуць. Гэта звязана з вельмі шчыльным графікам юбілейных падзей і святочных мерапрыемстваў. Аднак Камісія прапануе спецыяльную праграму: палегчаны маршрут для тых, хто з пашпартам пілігрыма пажадае наведаць катакомбы і іншыя святыні Рыма.

Вяртанне пахавальнай эпітафіі ў катакомбы Ad Decimum

13 кастрычніка 2024 года ў катакомбах Ad Decimum у Гротафераце пад Рымам адбудзецца цырымонія вяртання важнай пахавальнай таблічкі на грэчаскай мове, якая змяшчае адну з самых старажытных згадак імя Хрыста.

Эпітафія была выкрадзена ў 1980-я гады. Дзякуючы супрацоўніцтву італьянскай і галандскай паліцыі ў лістападзе 2023 года яе вярнулі ў Італію. Рэліквію знайшлі ў Нацыянальным музеі святой Кацярыны ў Утрэхце, куды яна трапіла з прыватнай калекцыі.

На цырымоніі ў Гротафераце будуць прысутнічаць прадстаўнікі Ватыкана, Італіі і Нідэрландаў. Пасля кароткіх прамоў адбудзецца ўрачыстае адкрыццё адноўленай эпітафіі і экскурсія па падземным комплексе катакомбаў Ad Decimum.

12 кастрычніка 2024, 13:21