Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Ватыкан: дыялог пра будучыню, тэхналогіі і культурную місію бібліятэк

Прадстаўнікі дваццаці чатырох бібліятэк свету збяруцца ў Ватыкане на буйную міжнародную канферэнцыю пад назвай “Conservata et Perlecta Aliis Tradere. Бібліятэкі ў дыялогу – Libraries In Dialogue”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Форум пройдзе з 14 па 16 лістапада 2024 года ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы і Папскай акадэміі навук. На заканчэнне канферэнцыі яе ўдзельнікаў прыме на аўдыенцыі Святы Айцец.

Мэта сустрэчы – даць пачатак сумеснай рэфлексіі і дыялогу паміж Ватыканскай бібліятэкай і аналагічнымі ўстановамі ва ўсім свеце. У якасці асновы для дыскусій будзе выкарыстоўвацца Рабочы дакумент, распрацаваны ў Ватыкане і загадзя разасланы ўдзельнікам канферэнцыі. Тэмы для абмеркавання былі акрэслены падчас анлайн-сустрэч, якія праводзіліся на працягу лета 2024 года.

“Дыялог, які мы маем намер распачаць, пачнецца з вывучэння досведу адзін аднаго і дзялення самымі значнымі ініцыятывамі, рэалізаванымі паасобнымі ўстановамі ў канкрэтных галінах”, - паведамілі арганізатары міжнароднай канферэнцыі.

Падчас форума будуць абмяркоўвацца актуальныя тэмы: захаванне бібліятэчных калекцый і павелічэнне плошчаў сховішчаў, папаўненне фондаў і пошук сродкаў для набыцця новых выданняў, новыя тэхналогіі, камунікацыйныя стратэгіі і IT-інструменты на службе бібліятэкам, кіраванне метаданымі, платформы для размяшчэння лічбавых калекцый і доўгатэрміновага лічбавага захавання, прысутнасць у інтэрнэце, сацыяльных сетках і выкарыстанне штучнага інтэлекту. Будуць закранацца таксама пытанні культурнай палітыкі бібліятэк, з мэтай іх ператварэння ў адукацыйныя і навукова-даследчыя цэнтры, а не проста месцы захавання кніг.
 

12 лістапада 2024, 10:32