Дзяржсакратар ЗША наведаў Папу Францішка ў Ватыкане

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 27 лістапада 2024 года сустрэўся ў Ватыкане з Францішкам і кардыналам П’етра Паралінам. Візіт адбыўся пасля саміту міністраў замежных спраў G7 у італьянскім Ф'юджы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Блінкен выказаў удзячнасць Папу за яго глабальнае лідарства ў абароне найбольш уразлівых і прасоўванні чалавечай годнасці. Дзяржсакратар ЗША падарыў Пантыфіку мастацкі твор амерыканскага мастака, які жыве ў Італіі, а Святы Айцец уручыў Блінкену свае працы пад агульнай назвай Надзея не расчароўвае.

"Сустрэча з Папам Францішкам была вельмі змястоўнай і канструктыўнай. Мы падзяляем агульную занепакоенасць лёсам найбольш уразлівых людзей у свеце і імкнёмся да абароны іх годнасці", - адзначыў Блінкен у сваім профілі на платформе X.

Падчас візіту ў Ватыкан амерыканскі дыпламат таксама сустрэўся з Дзяржсакратаром Яго Святасці, кардыналам П'етра Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Галахерам.

"Мы пацвердзілі цеснае партнёрства паміж ЗША і Святым Пасадам у вырашэнні ключавых прыярытэтаў. Абмеркавалі сітуацыю на Блізкім Усходзе і ў Судане, падтрымку суверэнітэту Украіны і садзейнічанне дэмакратыі ў Венесуэле", - паведаміў Блінкен у сваім афіцыйным акаўнце ў сацсетцы X пасля візіту ў Дзяржсакратарыят.

Візіт і сустрэчы падкрэслілі важнасць дыпламатычнага дыялогу паміж ЗША і Святым Пасадам у вырашэнні глабальных праблем і садзейнічанні міру ва ўсім свеце.

Цікава адзначыць, што Энтані Блінкен, які нарадзіўся ў 1962 годзе ў Ёнкерсе, Нью-Ёрк, вызнае юдаізм. У 2002 годзе ён ажаніўся з каталічкай Эван Раян падчас міжканфесійнай цырымоніі, якую правялі рабін і святар у каталіцкім касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Вашынгтоне. У іх сям'і выхоўваюцца двое дзяцей.

Цікава, што бацька Энтані Блінкена, Дональд Блінкен, таксама быў дыпламатам і служыў паслом ЗША ў Венгрыі. Прадзед Блінкена па бацькоўскай лініі – яўрэйскі пісьменнік Меер Блінкен – паходзіў з Пераяслава Кіеўскай губерніі.
 

28 лістапада 2024, 09:27