Пошук

Кардынал Паралін падчас візіту ў дзіцячую бальніцу "Ахматдыт" у Кіеве Кардынал Паралін падчас візіту ў дзіцячую бальніцу "Ахматдыт" у Кіеве 

Дзяржсакратар: не скарацца перад непазбежнасцю вайны

19 лістапада 2024 года споўніцца тысяча дзень з пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Cваімі думкамі пра вайну, яе наступствы і шляхі да міру падзяліўся ў інтэрв’ю Vatican News Кардынал-Дзяржсакратар П'етра Паралін. Ён заклікаў да адказнасці і дыялогу.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Мы не павінны скарацца перад непазбежнасцю вайны! Я вельмі спадзяюся, што гэты сумны дзень, тысячны з пачатку шырокамаштабнай вайны супраць Украіны, абудзіць пачуццё адказнасці ва ўсіх і асабліва ў тых, хто можа спыніць бойню”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада Андрэа Тарніелі. У ліпені 2024 года кардынал Паралін пабываў ва Украіне, наведаўшы Львоў, Адэсу і Кіеў.

Дзяржсакратар прызнаўся, што адчувае глыбокі смутак, таму што нельга прызвычаіцца да вайны ці заставацца абыякавым да трагедый, якія кожны дзень адбываюцца ва Украіне. “Украіна – краіна, на якую напалі і мучаць, дзе ў ахвяру прыносяць цэлыя пакаленні маладых і старых мужчын, якіх адарвалі ад вучобы, працы і сям'і, каб адправіць на фронт, дзе людзі бачаць, як іх блізкія паміраюць пад бомбамі або пад ударамі дронаў; дзе пакутуюць тыя, хто страціў дом ці жыве ў крайняй нястачы з-за вайны”, - сказаў кардынал Паралін.

На пытанне пра тое, як дапамагчы Украіне, Дзяржсакратар зазначыў: “Па-першае, як вернікі, хрысціяне, мы можам і павінны маліцца. Маліцца, каб Бог навярнуў сэрцы ўладароў вайны. Мы павінны працягваць маліцца аб заступніцтве Марыі, Божай Маці, якую асаблівым чынам шануюць у тых землях, якія атрымалі хрост стагоддзі таму. Па-другое, мы можам прыкласці намаганні, каб заўсёды быць салідарнымі з тымі, хто пакутуе, з тымі, хто мае патрэбу ў лячэнні, з тымі, хто мерзне, з тымі, хто мае патрэбу. Украінскі Касцёл робіць шмат для насельніцтва, падзяляючы з ім лёс ваюючай краіны. Па-трэцяе, мы можам разам патрабаваць міру і імкнуцца зрабіць так, каб наш голас, як супольнасці, як народа, быў пачуты. (…) Мы можам сказаць Не вайне, вар'яцкай гонцы за пераўзбраенне, якую Папа Францішак працягвае асуджаць. Зразумела пачуццё бездапаможнасці перад тварам таго, што адбываецца, але яшчэ больш праўдзіва тое, што разам, як адна чалавечая сям'я, мы можам многае зрабіць”.

На пытанне аб тым, што трэба зрабіць сёння, каб хаця б спыніць грукат зброі, кардынал Паралін адказаў, што для перамоў аб справядлівым міры неабходны час, але спыненне агню магчыма ў любы момант, было б жаданне. “Перамір'е, якое падзяляюць усе бакі – у першую чаргу магчымае дзякуючы Расіі, якая пачала канфлікт і якая павінна спыніць агрэсію – можа быць заключана за некалькіх гадзін, было б жаданне”, - лічыць Дзяржсакратар.

“Як часта паўтарае Святы Айцец, патрэбныя людзі, якія робяць стаўку на мір, а не на вайну, людзі, якія ўсведамляюць велізарную адказнасць, якую нясе працяг канфлікту, змрочныя наступствы не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы і для ўсяго свету. Вайна, якая можа ўцягнуць нас у ядзернае супрацьстаянне, а значыць у прорву”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

“Святы Пасад спрабуе зрабіць усё магчымае, падтрымліваць каналы дыялогу з усімі, але ёсць адчуванне таго, што гадзіннік гісторыі павярнуўся назад. Дыпламатычныя дзеянні, цярплівы дыялог, творчы падыход да перамоў, здаецца, зніклі, сышлі ў мінулае. А расплачваюцца за гэта нявінныя ахвяры. Вайна крадзе будучыню ў пакаленняў дзяцей і моладзі, стварае падзел, сілкуе нянавісць. Як моцна бракуе сёння дальнабачных дзяржаўных дзеячаў, здольных на смелыя жэсты пакоры, здольных думаць пра дабрабыт сваіх народаў”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Папы Францішка.

Кардынал-Дзяржсакратар прывёў у прыклад мірны дагавор паміж Аргенцінай і Чылі, які быў заключаны ў 1984 годзе пры пасярэдніцтве Святога Пасада. “Дзве дзяржавы стаялі на парозе вайны, былі мабілізаваны арміі. Дзякуй Богу, усё спынілася: столькі жыццяў было выратавана, столькі слёз удалося пазбегнуць. Чаму нельга аднавіць гэты дух і сёння, у сэрцы Еўропы?” - запытаў дыпламат.

На пытанне аб тым, ці існуе сёння надзея на перамовы, кардынал Паралін заўважыў, што “перамовы заўсёды магчымыя”. “Перамовы – гэта прыкмета не слабасці, а смеласці. Смеласці весці сумленныя перамовы і ісці на высакародныя кампрамісы, я маю на ўвазе словы Папы Францішка падчас нядаўняй паездцы ў Люксембург і Бельгію. Дыялог – гэта галоўны шлях, па якім павінны ісці тыя, хто трымае ў руках лёсы народаў, дыялог, які можна весці толькі тады, калі існуе мінімум даверу паміж бакамі. І які патрабуе добрасумленнасці кожнага. Калі няма хаця б мінімальнага даверу да іншага і няма шчырасці ў дзеяннях, нічога не зрушыцца з месца. Таму ва Украіне, у Святой Зямлі і ў многіх іншых рэгіёнах свету працягваюць змагацца і паміраць. Мы не павінны скарацца перад непазбежнасцю вайны! Я вельмі спадзяюся, што гэты сумны дзень, тысячны з пачатку шырокамаштабнай вайны супраць Украіны, абудзіць пачуццё адказнасці ва ўсіх і асабліва ў тых, хто можа спыніць бойню, якая адбываецца”, - заключыў Дзяржаўны Сакратар.

18 лістапада 2024, 14:04