Святы Пасад: драпежніцкая эканоміка пагражае будучыні рыбакоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека нагадаў, што у Святым Пісанні водныя глыбіні часта з'яўляюцца сімвалам нестабільнасці і трывогі, як часткі чалавечага досведу. Аднак Божы народ трывае ў надзеі, бо Запавет паміж небам і зямлёй стабільны і дазваляе пераадолець нават марскія воды. Гэтая вобразнасць абуджае наш розум і сэрцы, змяняючы наш погляд на штодзённыя цяжкасці і праблемы, якія стаяць перад намі. Сусветны дзень рыбалоўства – гэта асаблівая магчымасць паглыбіць нашы адносіны з сястрой вадой і падкрэсліць важнасць інтэгральнага развіцця чалавека. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)
Праца рыбакоў, адна з найстарэйшых у гісторыі чалавецтва, на большай частцы планеты значна змянілася. Раны, нанесеныя нашаму агульнаму дому агрэсіўнай эканамічнай мадэллю, наўпрост уплываюць на жыццё і будучыню мільёнаў людзей, якія зарабляюць на жыццё рыбалоўствам. Векавы баланс паміж чалавечай працай і прыродай парушаны драпежніцкімі практыкамі і выкарыстаннем тэхналогій на карысць усё больш уплывовай і магутнай меншасці, якая не клапоціцца пра доўгатэрміновыя наступствы гэтай смяротнай эканомікі. Такім чынам, наказ вадзе ўтварыць жывых істот (Быц 1, 20) быў парушаны інтэнсіўнай рыбнай гаспадаркай, якая выціскае тых, хто стагоддзямі клапаціўся пра багацце мора, рэк і азёр, - гаворыцца ў пасланні.
Касцёл падзяляе радасці і надзеі, а таксама смутак і боль чалавецтва, якое паклікана ў гэты гістарычны момант аднавіць братэрства і культуру сустрэчы як альтэрнатыву глабалізацыі абыякавасці. Хрысціяне не могуць адвярнуцца, калі цэлыя экасістэмы знаходзяцца пад пагрозай з-за шкодных метадаў, якія вядуць да збяднення насельніцтва, выпрабаванага няроўнасцю і канфліктамі. Завершаны нядаўна Сінод Біскупаў стаў выдатнай магчымасцю для ўзаемнага слухання і асэнсавання місіі Касцёла ў адказ на гэтыя выклікі.
Іерарх нагадаў пра нядаўняе пасланне Францішка да народных рухаў: “Вы пераадолелі пасіўнасць і песімізм, нягледзячы на боль і расчараванне. Вы адмовіліся быць пакорнымі ахвярамі і сталі актыўнымі суб’ектамі гісторыі”. Касцёл жадае, каб рыбакі ўсяго свету адчувалі яго блізкасць і падтрымку, - запэўніў кардынал Чэрны.
На яго думку, мы можам спрыяць тэхналагічнаму развіццю, якое б паважала годнасць і бяспеку працы, аднаўляла належны баланс паміж людзьмі, працай і навакольным асяроддзем. Заканадаўцы таксама могуць устрымлівацца ад падтрымкі вялікіх інтарэсаў меншасці і працаваць на карысць малых супольнасцяў, сямейных прадпрыемстваў і рыбалоўных арганізацый, якія могуць уносіць свой уклад у агульнае дабро. Іх пакліканне – клапаціцца пра мора ў кантэксце інтэгральнай экалогіі. Такі падыход адносіць рыбакоў да членаў Цела Хрыстовага, якія супрацоўнічаюць у стварэнні свету ў адпаведнасці з Божай задумай.
Кардынал Чэрны заклікаў не забываць пра важнасць малітвы, якая павінна суправаджаць нашы намаганні на карысць справядлівасці. Ён нагадаў пра мару Францішка аб тым, каб багатыя адмовіліся ад ілюзорнай бяспекі грошай і адкрыліся на падзел даброт, якія належаць усім, бо паходзяць ад тварэння і маюць усеагульнае прызначэнне. “Гэта цяжка рэалізаваць, гэта складана, але для Бога няма нічога немагчымага”, - адзначыў Святы Айцец.
Іерарх заклікаў маліцца Марыі, Stella Maris, давяраючы яе заступніцтву клопаты і надзеі рыбакоў і ўсіх тых, хто карыстаецца плёнам іх працы.