Скульптурная выява ксяндза Макса Ёзэфа Мэцгера Скульптурная выява ксяндза Макса Ёзэфа Мэцгера 

Кардынал Кох: айцец Мэцгер – сведка Хрыста ў часы нацызму

17 лістапада 2024 года ў катэдральным саборы Фрайбурга (Германія), адбылася ўрачыстая цырымонія беатыфікацыі ксяндза Макса Ёзэфа Мэцгера, які стаў ахвярай нацысцкага рэжыму ў 1944 годзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Цырымонію ўзначаліў кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. У сваёй гаміліі кардынал адзначыў, што сведчанне Мэцгера актуальнае і сёння: “Мы таксама жывем у свеце, поўным падзелаў, і, як і ён, пакліканы быць сведкамі Хрыста і супрацьстаяць ідэалогіям, якія распаўсюджваюцца ў наш час”.

Жыццё, прысвечанае міру і адзінству

Макс Ёзэф Мэцгер нарадзіўся ў Шварцвальдзе ў 1887 годзе. Яшчэ з ранняга ўзросту ён вылучаўся як актыўны прыхільнік міру і экуменічнага адзінства. Пасля ўдзелу ў Першай сусветнай вайне ён распрацаваў міжнародную рэлігійную праграму міру, якую прадставіў Папу Бэнэдыкту XV. Той падтрымліваў яго ідэі, называючы вайну "бессэнсоўным кровапраліццем".

У 1919 годзе Мэцгер заснаваў асацыяцыю Нямецкія католікі за мір. Пазней ён удзельнічаў у экуменічным руху і быў ініцыятарам руху Una Sancta, які імкнуўся да прымірэння хрысціянскіх Цэркваў. Святар быў перакананы, што “Касцёл можа надзейна сведчыць пра мір толькі ў тым выпадку, калі самі хрысціяне і хрысціянскія Цэрквы памірацца”. Аб гэтым ён пісаў у лісце з турмы Пію XII. На думку кардынала Коха, яго словы да гэтага часу лічацца заклікам да адзінства хрысціян.

Гераічнае сведчанне і мучаніцкая смерць

У 1943 годзе Мэцгер быў арыштаваны гестапа. На сфабрыкаваным судовым працэсе яго прызналі вінаватым у “дзяржаўнай здрадзе” і “дапамозе ворагу”. 17 красавіка 1944 года святар быў пазбаўлены жыцця на гільяціне ў вязніцы Брандэнбург-Гердэн. Паводле сведчанняў турэмнага капелана, пакутнік сустрэў смерць з “вачыма, якія ззялі радасцю”.

"Яго смерць з'яўляецца красамоўным сведчаннем таго, што значыць быць пакутнікам у хрысціянскай канцэпцыі веры", - сказаў кардынал Кох.

Ганаровая беатыфікацыя

Беатыфікацыя Мэцгера – ганаровая падзея для Фрайбургскай архідыяцэзіі, адкуль ён родам, а таксама напамін пра пераслед хрысціян у сучасным свеце. Францішак згадаў новага благаслаўлёнага пасля малітвы Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 17 лістапада 2024 года. Яго прыклад можа “суцешыць многіх хрысціян, якія ў наш час падвяргаюцца дыскрымінацыі за веру”, - сказаў Святы Айцец.

18 лістапада 2024, 11:42