Навуковец: святы Аўгусцін – настаўнік для нашага часу
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Форум завяршыўся 22 лістапада 2024 года пілігрымкай у аўгусцініянскі кляштар у Вітэрба, вядомы сваімі каштоўнымі фрэскамі, якія адлюстроўваюць сюжэты з жыцця Біскупа Гіпона. Падчас агульнай аўдыенцыі 20 лістапада ўдзельнікаў канферэнцыі прывітаў Папа Францішак.
З грунтоўным дакладам на кангрэсе выступіў айцец Калавале Чабі, прафесар Патрыстычнага інстытута Аўгусцініянум. Ён падкрэсліў увагу, якую апошнія пантыфікі надавалі спадчыне святога Аўгусціна, лічачы яго “настаўнікам для нашага часу”.
Даследчык адзначыў, што ў 1930 годзе Пій XI прысвяціў жыццю і вучэнню святога Аўгусціна энцыкліку Ad Salutem Humani. Пій XII падкрэсліваў здольнасць гэтага Айца Касцёла зразумела тлумачыць маральныя і тэалагічныя пытанні, а таксама з мудрасцю адказваць на выклікі свайго часу.
Ян XXIII бачыў у ім прыклад адкрытасці, навяртання і няспыннага пошуку праўды, а Павел VI лічыў настолькі важным распаўсюджванне вучэння святога Аўгусціна, што асабіста ўзначаліў цырымонію адкрыцця Аўгусцініянума, якая прайшла 4 мая 1970 года.
Высока цаніў інтэлектуальную і духоўную глыбіню гэтага вялікага настаўніка веры і Ян Павел II. Бэнэдыкт XVI, у сваю чаргу, адчуваў асаблівае захапленне святым Аўгусцінам і зрабіў яго аб’ектам сваіх навуковых даследаванняў. Ёзэф Ратцынгер, як і святы Аўгусцін, меў “веру, якая не баіцца дыялогу з сучаснай культурай і філасофіяй”, - адзначыў айцец Чабі. Даследчык таксама ўзгадаў першую энцыкліку Бэнэдыкта XVI Deus caritas est, у якой Папа прызнаў вялікі ўплыў вучэння святога Аўгусціна на сябе.
Гаворачы пра пантыфікат Францішка, даследчык адзначыў, што Папа раіў святарам чытаць святога Аўгусціна, падкрэсліваючы: “Калі пастыр не мае сэрца, ніякае душпастырства не будзе функцыянаваць”. У энцыкліцы Dilexit nos Святы Айцец цытуе Біскупа Гіпона чатыры разы. У прыватнасці, ён адзначаў, што менавіта святы Аўгусцін стаяў ля вытокаў ушанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса як месца асабістай сустрэчы з Панам, і дадаваў, што Сэрца Хрыста – гэта не толькі крыніца ласкі і сакрамэнтаў, але і самай каштоўнай мудрасці, якая заключаецца ў пазнанні Яго.