Біскуп Дарыа Джэрвазі з Папам Францішкам Біскуп Дарыа Джэрвазі з Папам Францішкам  (Vatican Media)

Змены ў Рымскай курыі: Папа абвясціў новыя прызначэнні

Святы Айцец умацаваў кіраўніцтва дзвюх важных дыкастэрый Рымскай курыі: па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і па справах свецкіх, сям’і і жыцця, зрабіўшы новыя прызначэнні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, ксёндз Фабіа Баджа атрымаў годнасць тытулярнага біскупа Урусі з асабістым тытулам арцыбіскупа. Варта адзначыць, што ён знаходзіцца сярод дваццаці духоўных асоба, якія неўзабаве, 7 снежня 2024 года, атрымаюць кардынальскую годнасць.

Другое значнае прызначэнне звязана з асобай біскупа Дарыа Джэрвазі, дапаможнага біскупа і кіраўніка Аддзелу душпастырства сем’яў Рымскай дыяцэзіі, які цяпер будзе выконваць абавязкі дапаможнага сакратара Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Яго шлях да гэтай адказнай пасады пачаўся ў Вечным горадзе, дзе ён нарадзіўся ў 1968 годзе. Пасля заканчэння Папскай Рымскай семінарыі і атрымання святарскага пасвячэння ў 1994 годзе, ён паглыбіў свае веды ў галіне дагматычнай тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце.

Ксёндз Фабіа Баджа
Ксёндз Фабіа Баджа

Багаты досвед Джэрвазі ўключае як душпастырскую працу ў парафіях, так і адказныя адміністрацыйныя пасады. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на яго шасцігадовае служэнне ў якасці прарэктара Папскай Рымскай семінарыі. У 2020 годзе Папа Францішак даверыў яму служэнне дапаможнага біскупа Рымскай дыяцэзіі для паўднёвай часткі горада.

Яго біскупскае пасвячэнне адбылося ў знакамітай базіліцы святога Яна на Латэране. Абрад узначаліў кардынал Анджэла Дэ Данаціс, які ў той час займаў пасаду генеральнага вікарыя Рымскай дыяцэзіі.
 

01 лістапада 2024, 11:31