Пошук

Плошча Святога Пятра ў Ватыкане Плошча Святога Пятра ў Ватыкане 

Новыя праекты ватыканскай базілікі: часопіс і вэб-трансляцыя

25 лістапада 2024 года на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане былі прадстаўлены некаторыя новыя лічбавыя і камунікацыйныя ініцыятывы базілікі святога Пятра. Сярод іх – часопіс “Плошча святога Пятра” і вэб-трансляцыя з магілы апостала.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Асноўным элементам новага камунікацыйнага плана ватыканскай базілікі стане інтэрнэт-партал www.basilicasanpietro.va, які дазволіць вернікам усяго свету здзейсніць віртуальнае падарожжа па Саборы святога Пятра. Яго запуск адбыўся 11 лістапада 2024 года.

Новы шрыфт

На новым сайце базілікі, а таксама на ўсіх яе папяровых і лічбавых сродках камунікацыі будзе выкарыстоўвацца новы шрыфт. Ён стане адметнай рысай Сабора. Дызайн шрыфта быў распрацаваны камандай Studiogusto такім чынам, каб забеспячыць выдатную чытальнасць тэкстаў. Яго афіцыйны запуск запланаваны на 2025 год.

Штомесячны часопіс

Айцец Энца Фартуната, дырэктар па камунікацыях базілікі, прадставіў журналістам першы нумар часопіса Плошча святога Пятра (Piazza San Pietro), накіраваны на падтрымку місіі базілікі як месца малітвы і духоўных сустрэч для ўсіх вернікаў. Новы месячнік будзе змяшчаць рэдакцыйныя артыкулы, калонкі, лісты на актуальныя тэмы, якія тычацца Касцёла, міру і Італіі. Ён будзе прысвечаны такім тэмам, як беднасць, міграцыя, насілле і праблемы, з якімі сутыкаюцца сям'і і ўразлівыя групы насельніцтва.

Назву часопіса абраў Папа Францішак, які кожны месяц будзе асабіста адказваць на адзін з лістоў чытачоў. Часопіс будзе распаўсюджвацца вакол базілікі і ў самой святыні, а таксама па паштовай падпісцы. Плануецца заключыць пагадненні аб распаўсюджванні часопіса ў школах і залах чакання на вакзалах і ў аэрапортах. Людзі, якія не маюць магчымасці набыць выданне, змогуць атрымаць яго бясплатна.

Вэб-трансляцыі

На прэс-канферэнцыі паведамілі таксама, што 2 снежня ў 18.30 Францішак стане першым гледачом, які з дапамогай вэб-камеры віртуальна наведае магілу святога Пятра. Вэб-трансляцыя з магілы апостала дазволіць мільёнам вернікаў здзейсніць віртуальную пілігрымку да вытокаў хрысціянства.

Другая вэб-камера будзе ўстаноўлена на Святых Дзвярах, каб дазволіць тым, хто не можа адправіцца ў пілігрымку ў Рым, прайсці праз іх сімвалічна.

25 лістапада 2024, 13:04