Пошук

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, Апостальскі нунцый ва Украіне Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, Апостальскі нунцый ва Украіне 

Нунцый у Кіеве: адно з заданняў Касцёла – быць голасам сумлення

19 лістапада 2024 года споўніцца 1000 дзён з пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Гэту сумную дату ў інтэрв’ю Vatican News пракаментаваў арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, Апостальскі нунцый у Кіеве.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я думаю не толькі пра тых, хто жыве на тэрыторых, падкантрольных Украіне, але і пра тых, хто знаходзіцца за межамі гэтых тэрыторый, у першую чаргу пра ваеннапалонных. Дапамагчы гэтым людзям вельмі складана, таму застаецца толькі малітва – адзіная сіла. Аднак, мая надзея моцная, бо я ведаю: малітва можа рабіць цуды”, - адзначыў папскі дыпламат.

Нунцый падкрэсліў самаадданае служэнне ўкраінскіх святароў, якія не пакідаюць сваю паству пасярод пакут, знаходзяцца побач з вернікамі, а часам застаюцца “ледзь не адзінай апорай для людзей, і за гэта людзі ім вельмі ўдзячныя”. Ён згадаў таксама пра важнасць служэння вайсковых капеланаў, “бо салдаты часта не ведаюць, ці будуць яны жывыя заўтра, таму пытанне сэнсу жыцця стаіць у такім умовах больш востра”. Каштоўную дапамогу аказваюць валанцёры, якія дастаўляюць вайскоўцам лекі.

Арцыбіскуп Кульбокас заўважыў, што вайна не становіцца менш інтэнсіўнай, а колькасць загінулых расце кожны год.  Ён звярнуў увагу таксама на расчараванне людзей такімі інстытутамі як Арганізацыя Аб’яднаных Нацый і Рада Бяспекі ААН, якія аказаліся “неэфектыўнымі і няздольнымі нічога вырашаць”. Расчараванне выклікана таксама і тым, “што ў Радзе бяспекі засядае той, хто мае да гэтага непасрэднае дачыненне”. “Што да зняволеных, то іх сваякі мне заўсёды кажуць: “А якая карысць ад Женеўскіх канвенцый? Ці можа нехта наведваць нашых палонных ці не?”. Факты кажуць нам, што не, канвенцыі не ўжываюцца і не выконваюцца”, - сказаў папскі дыпламат.

Гаворачы пра актуальныя гуманітарныя патрэбы прадстаўнік Святога Айца падкрэсліў імкненне Касцёла дапамагаць былым палонным і дзецям, што вяртаюцца ў краіну і патрабуюць сем'яў і структур, якія б іх прынялі. Яшчэ адзін выклік – каардынацыя гуманітарнай дапамогі, якой стала значна менш у параўнанні з 2022 годам. 

Папскі дыпламат падкрэсліў, што Касцёл імкнецца заставацца голасам сумлення пасярод трагедыі вайны. “Нават на глабальным узроўні, мне здаецца, з’явілася гэтае запатрабаванне, каб Касцёл быў голасам сумлення. Таму што возьмем, напрыклад, адказных за вайну: Касцёл, відавочна, не можа нікога прымушаць, але ён заўсёды спрабуе падтрымліваць мінімальны кантакт з усімі, ён таксама спрабуе знайсці спосабы, каб казаць, магчыма, не прама, але зразумела, апелюючы менавіта да сумлення, пра неабходнасць спыніць вайну. Відавочна, што гэта цяжкая роля, але гэта адно з галоўных служэнняў Касцёла – быць голасам сумлення, спрабуючы зразумець, якімі словамі звяртацца да сумлення”, - сказаў ён.

Нунцый нагадаў, што Касцёл імкнецца дапамагаць родным ваеннапалонных і зніклых без вестак, якім вельмі патрэбна духоўная падтрымка, бо вера ратуе ад адчаю і пачуцця безвыходнасці. “Відавочна, што ёсць неабходнасць суправаджаць гэтых людзей больш арганізавана”, - сказаў ён, адзначаючы патрэбу ў псіхалогах, спецыялістах, якія ўмеюць выслухаць і падтрымаць. У сувязі з гэтым, па словах арцыбіскуп Кульбокаса, Касцёл праводзіць спецыяльныя ініцыятывы па падрыхтоўцы святароў і валанцёраў да такой далікатнай дзейнасці.
 

18 лістапада 2024, 11:12