Па ініцыятыве Папы ў Калабрыі адкрылася пральня для бедных
Марыя Валодзіна - Vatican News
Карыстацца пральнымі машынамі і душамі могуць мігранты, бяздомныя і бедныя, якія жывуць у намётах і бараках. Большасць з іх – мігранты з Сенегала, Нігера, Малі, Буркіна-Фасо, Кот-Д'Івуара і іншых куткоў Афрыкі.
Ініцыятыва стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, Caritas, кампаній Procter & Gamble, Haier Europe і іншых партнёраў. Асноўная мэта праекта – вярнуць людзям, якія адчуваюць сябе нябачнымі, чалавечую годнасць.
Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, адзначыў, што многія жыхары палатачных гарадкоў не маюць нават базавых дакументаў. У рамках праекта, акрамя гігіенічных паслуг, ім акажуць дапамогу ў вырашэнні бюракратычных пытанняў. Таксама, з дапамогай мясцовых сясцёр міласэрнасці, плануецца стварыць курсы італьянскай мовы, а ў будучыні – цырульню.
У ініцыятыве ўдзельнічаюць мясцовыя валанцёры і арганізацыі, што дазваляе мігрантам адчуць сябе часткай супольнасці.
Пральня Папы Францішка ў Калабрыі стала ўжо сёмай па ліку ў Італіі. Падобныя структуры ўжо дзейнічаюць у такіх гарадах, як Рым, Генуя, Турын, Неапаль і Катанія.