Палесцінскія майстры ствараюць калядныя яслі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мастацкая інсталяцыя Нараджэнне ў Бэтлееме 2024 з'яўляецца асаблівым праектам, які нагадвае пра Святую Зямлю як прывілеяванае месца гісторыі збаўлення, дзе адбылося ўцелаўленне, нараджэнне, пакуты, смерць і ўваскрасенне Збаўцы.
Аўтарамі праекта сталі два бэтлеемскія мастакі: Джоні Андонія і Фатэн Настас Мітвасі. Яны стварылі ўражлівую канструкцыю вышынёй 3 метры з круглай асновай і некалькімі ўзроўнямі, на якіх размешчаны разнастайныя выявы Нараджэння, увенчаныя знакамітай Бэтлеемскай зоркай.
Інсталяцыя спалучае шматвяковыя традыцыі мясцовых рамеснікаў з сучаснымі мастацкімі элементамі. Для яе стварэння выкарыстаны разнастайныя матэрыялы: жалеза для асноўнай канструкцыі, аліўкавае дрэва для фігур Святой Сям'і і іншых выяў, а таксама перламутр, камень, кераміка, шкло, фетр і тканіна.
Падчас падрыхтоўкі і стварэння мастацкіх твораў аўтары цесна супрацоўнічалі з мясцовымі хрысціянскімі ўстановамі Бэтлеема. На цырымоніі адкрыцця будуць прысутнічаць прадстаўнікі Пасольства Дзяржавы Палесціна пры Святым Пасадзе, што падкрэслівае значнасць гэтага культурнага і духоўнага праекта.
Інсталяцыя Нараджэнне ў Бэтлееме 2024 будзе адкрыта 7 снежня 2024 года раніцай у Зале Паўла VI.
Адначасова з адкрыццём бэтлеемскай інсталяцыі, на плошчы святога Пятра 7 снежня 2024 года адбудзецца традыцыйнае асвячэнне ясляў з італьянскага горада Града і запальванне 29-метровай каляднай елкі з Ледра, у правінцыі Трэнта. Урачыстыя дэкарацыі будуць упрыгожваць Ватыкан да свята Хросту Пана, 12 студзеня 2025 года.