Пошук

Айцец Рабэрта Пазаліні Айцец Рабэрта Пазаліні 

Францішак прызначыў новага прапаведніка Папскага дома

90-гадовага кардынала Раньера Канталамесу на пасадзе прапаведніка Папскага дома змяніў 53-гадовы айцец Рабэрта Пазаліні. Пра прызначэнне паведаміла 9 лістапада 2024 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Новы папскі прапаведнік, як і яго папярэднік, належыць да Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Айцец Пазаліні нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мілане, выкладае біблійную экзэгетыку і мовы Святога Пісання ў некалькіх каталіцкіх навучальных установах на поўначы Італіі. З’яўляецца аўтарам каля дзесяці кніг, а таксама шматлікіх артыкулаў на тэму біблійнай духоўнасці.

Акадэмічную дзейнасць законнік спалучае з актыўным правядзеннем фармацыйных сустрэч і рэкалекцый, ажыццяўленнем духоўнага суправаджэння і служэннем бедным.

Да прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння ў 2006 годзе капуцын захапляўся інфарматыкай і палітыкай, пакуль, паводле яго слоў, не зразумеў, што па-сапраўднаму свабодным чалавека робіць толькі Бог.

Ужо праз некалькі тыдняў айцец Рабэрта Пазаліні пачне прамаўляць адвэнтавыя казанні для Папы і іерархаў Рымскай курыі.

Кардынал Раньера Канталамеса быў прапаведнікам Папскага дома на працягу 44 гадоў – Ян Павел ІІ прызначыў яго на гэту пасаду ў 1980 годзе. Італьянскі капуцын, які атрымаў кардынальскую годнасць у 2020 годзе, шырока вядомы ў Італіі дзякуючы таму, што на працягу многіх гадоў вёў папулярныя праграмы на грамадскім тэлебачанні, дапамагаючы мільёнам людзей адкрыць для сябе багацце і прыгажосць хрысціянскай веры.
 

09 лістапада 2024, 13:28