Пошук

Студэнты ватыканскай мастацкай школы падчас практыкі Студэнты ватыканскай мастацкай школы падчас практыкі  ( Fabbrica di San Pietro in Vaticano)

У Ватыкане завяршыўся трэці набор у Школу рамёстваў

У Ватыкане завяршыўся трэці набор у Школу мастацтва і рамёстваў пры Фабрыцы cвятога Пятра. Дваццаць маладых людзей з Італіі, Мальты і ЗША пачнуць навучанне 4 лістапада 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мастацкая структура пры ватыканскай базіліцы працягвае сваю гістарычную місію па захаванні і перадачы будучым пакаленням каштоўнай мастацкай спадчыны мінулага. Сумесна з Фондам Fratelli tutti яна адкрывае дзверы для новага пакалення майстроў.

Сярод дваццаці абраных вучняў – трынаццаць дзяўчат і сем юнакоў ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў. Яны будуць вывучаць мастацтва разьбы па камені, мазаікі, тынкоўкі і сталярнай справы пад кіраўніцтвам лепшых ватыканскіх майстроў.

Праграма навучання, якая працягнецца да красавіка 2025 года, уключае як тэарэтычныя заняткі, так і практычную працу ў майстэрнях Фабрыкі святога Пятра. Унікальнасць школы заключаецца ў тым, што яна бясплатная, а вучні атрымліваюць не толькі прафесійныя веды, але і магчымасць жыць у супольнасці.

Асаблівай падзеяй стала прызначэнне дзвюх выпускніц школы – Лізы і Марыяны – у штат санп'етрынаў – майстроў па догляду за ватыканскай базілікай. За ўсю 500-гадовую гісторыю Фабрыкі гэта першы выпадак, калі жанчыны ўвайшлі ў пастаянны штат. Раней, пачынаючы з 1500 года, жанчыны – звычайна ўдовы і сіроты – маглі працаваць толькі часова ці па дамове падраду.
 

01 лістапада 2024, 09:55