Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад: інвеставаць у прылады жыцця, а не смерці і пакут

Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра заклікаў гарантаваць цэласную падтрымку ахвярам супрацьпяхотных мін – ад іх поўнай рэабілітацыі і сацыяльна-эканамічнай рэінтэграцыі да псіхалагічнай і духоўнай дапамогі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе 29 лістапада 2024 года завяршыў удзел у Пятай канферэнцыі па пераглядзе Канвенцыі па забароне супрацьпяхотных мін, якая праходзіла ў камбаджыйскім горадзе Сіем Рэап.

Ватыканскі дыпламат нагадаў прадстаўнікам міжнароднай супольнасці пра тое, што “ў сучасным глабалізаваным свеце мы павінны інвеставаць у інструменты жыцця і міру, а не ў невыбарачную і непатрэбную смерць і пакуты”.

Арцыбіскуп Балестрэра выказаў спадзяванне на тое, што прынятыя на форуме дакументы “прынясуць рэальную дапамогу ахвярам” супрацьпяхотных мін, “даючы ім надзею на лепшую будучыню”, а таксама дапамогуць пазбегнуць з’яўлення новых ахвяр. Прадстаўнік Папы выказаў шкадаванне з прычыны таго, што такія прылады невыбарачнага дзеяння працягваюць выкарыстоўвацца ў канфліктах ва Украіне, Сірыі і М’янме.

Дыпламат заахвоціў краіны, якія яшчэ не далучыліся да Канвенцыі па забароне супрацьпяхотных мін, зрабіць гэта, а таксама гарантаваць цэласную падтрымку ахвярам – ад іх поўнай рэабілітацыі і сацыяльна-эканамічнай рэінтэграцыі да псіхалагічнай і духоўнай дапамогі.
 

30 лістапада 2024, 12:31