Пошук

Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН арцыбіскуп Габрыэле Кача 

Святы Пасад у ААН: ніколі не заплюшчваць вочы на расізм

Змагацца з дыскрымінацыяй мігрантаў, рэлігійнай нецярпімасцю і расізмам у інтэрнэце заклікаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

7 лістапада 2024 года арцыбіскуп Габрыэле Кача выступіў на пасяджэнні Трэцяга камітэта 79-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі пытанні ліквідацыі расізму, расавай дыскрымінацыі і ксенафобіі. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

У сваёй прамове ватыканскі дыпламат нагадаў пра фундаментальны прынцып, замацаваны ў першым артыкуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які сцвярджае, што "ўсе людзі нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах". Аднак, як паказвае гісторыя, гэтая ісціна пастаянна падвяргаецца сумневу. Паводле апошніх даных, амаль кожны шосты чалавек у свеце падвяргаецца дыскрымінацыі, пры гэтым расавая дыскрымінацыя, заснаваная на этнічнай прыналежнасці, колеры скуры ці мове, з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных.

Мы не можам цярпець расізм у любой форме і пры гэтым сцвярджаць, што абараняем святасць жыцця кожнага чалавека, - заявіў іерарх, падкрэсліваючы, што расізм – гэта абраза годнасці, дадзенай нам Богам.

Арцыбіскуп Кача звярнуў увагу на тры асноўныя сферы, якія выклікаюць асаблівую занепакоенасць Святога Пасада.

Дыскрымінацыя мігрантаў

У свеце, дзе перамяшчаецца вельмі шмат людзей, мігранты, бежанцы і іх сем'і часта становяцца ахвярамі асабліва жорсткай формы расізму. Страх і трывога, выкліканыя феноменам міграцыі, часта выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах. Гэта можа прывесці да ксенафобіі, паколькі людзі замыкаюцца ў сабе. З гэтым неабходна рашуча змагацца. У мігрантах трэба заўсёды бачыць людзей, якія "маюць такую ж неад'емную годнасць, як і любы іншы чалавек”.

Рэлігійная нецярпімасць

Святы Пасад глыбока занепакоены ростам колькасці выпадкаў рэлігійнай нецярпімасці, дыскрымінацыі і пераследу. Людзі і супольнасці сутыкаюцца з абмежаваннямі і пераследам за вызнанне сваёй веры як у прыватнай, так і ў грамадскай сферах. Галоўную адказнасць за абарону права чалавека свабодна вызнаваць сваю веру нясуць урады, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

Ксенафобія ў інтэрнэце

Асаблівую занепакоенасць Святога Пасада выклікае таксама рост расізму і ксенафобіі ў інтэрнэце і на лічбавых платформах, асабліва ў сацыяльных сетках, дзе не рэгулюецца змест. “У барацьбе з гэтым бедствам першараднае значэнне мае адукацыя, як у якасці стратэгіі рэагавання, так і ў якасці доўгатэрміновай прэвентыўнай меры”, - лічыць іерарх.

"Роўная годнасць кожнага чалавека патрабуе, каб мы ніколі не заплюшчвалі вочы на расізм", - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада ў ААН.

08 лістапада 2024, 12:02