Пошук

Першае адвэнтавае казанне прагучала ў Ватыкане

У пятніцу 6 снежня 2024 года ў 9.00 у Зале Паўла VI прапаведнік Папскага дому прадставіў першае адвэнтавае казанне на тэму: Брама захаплення, заклікаючы адкрыць сэрца на Божае дзеянне ў гісторыі чалавецтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Айцец Роберта Пазаліні засяродзіў увагу на прароцкім вымярэнні літургічнага перыяду Адвэнту, падкрэсліваючы, што прарокі з'яўляюцца вырашальнымі постацямі ў гісторыі збаўлення. "Прароцкае слова моцнае і слабое адначасова: моцнае, бо перадае погляд і меркаванне Бога, але слабое, бо не можа навязваць, а толькі прапаноўваць Божую думку", - падкрэсліў ён.

Манах адзначыў, што прароцкае слова заўсёды змяшчае ў сабе два аспекты. З аднаго боку, яно выкрывае і заклікае да адказнасці і справядлівасці, з другога – нечакана адкрывае надзею і прапануе новую магчымасць прыняць дар запавету.

У цэнтры разважання былі дзве жаночыя постаці: Альжбета і Дзева Марыя. Альжбета паказала прыклад адвагі сказаць не бачнай пераемнасці рэчаў і сувязяў, а Марыя – здольнасць сказаць так Божай навізне, фармулюючы свабодную і радасную згоду на Яго волю.

"Божая міласэрнасць з'яўляецца не статычным атрыбутам Яго дабрыні, але дынамізмам спачування, які няспынна дзейнічае ў складках гісторыі", - падкрэсліў прапаведнік.

Сёння, калі свет перажывае складаныя выпрабаванні, але адначасова адкрываюцца новыя магчымасці і шляхі вызвалення, прамоўца заклікаў не замыкацца ў цяжкасцях сённяшняга дня. Ён падкрэсліў важнасць захавання адкрытага сэрца і даверу да Божага Провіду.

Завяршаючы сваё дэбютнае разважанне, айцец Пазаліні заклікаў прысутных адкрыцца на дзеянне Духа Святога, які, як воблака, ахінае і суправаджае кожнага на яго шляху. Толькі так можна знайсці ў сабе адвагу сказаць Богу: "Вось я, няхай мне станецца паводле твайго слова".

Агульная тэма сёлетніх адвэнтавых казанняў – Брамы надзеі – звязана з падрыхтоўкай да Святога года, які пачнецца 24 снежня 2024 года. Прапаведнік прапануе паразважаць над трыма брамамі: захаплення, даверу і малечы.

На першым казанні прысутнічаў Святы Айцец разам з кардыналамі, біскупамі, чальцамі Папскай сям'і, супрацоўнікамі Рымскай курыі і Губернатарата, а таксама генеральныя настаяцелі манаскіх ордэнаў.
 

06 снежня 2024, 10:37