Пошук

Падчас адвэнтавага казання ў Ватыкане. Архіўнае фота Падчас адвэнтавага казання ў Ватыкане. Архіўнае фота  (Vatican Media)

Брамы надзеі: тэма казанняў на Адвэнт 2024 у Ватыкане

Айцец Раберта Пазаліні правядзе серыю з трох казанняў падчас Адвэнту 2024 года. Разважанні будуць прысвечаны падрыхтоўцы да Юбілейнага года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы прапаведнік Папскага дома, францішканін-капуцын айцец Раберта Пазаліні, правядзе серыю з трох казанняў. Сустрэчы у Зале Паўла VI у Ватыкане запланаваны на 6, 13 і 20 снежня 2024 года.

"Адвэнт гэтага года рыхтуе нас не толькі да Божага Нараджэння, але і да надыходзячага Юбілею" - падкрэслівае айцец Пазаліні. Агульная тэма казанняў – Брамы надзеі – звязана з падрыхтоўкай да Святога года, які пачнецца 24 снежня 2024 года. Прапаведнік прапануе разважаць над трыма "брамамі": захаплення, даверу і малечы.

"Брама захаплення дапаможа ўбачыць зерне Евангелля ў свеце і гісторыі, брама даверу – наблізіцца да іншых з адкрытым сэрцам, а брама малечы дазволіць не баяцца стаць сабой" - тлумачыць айцец Пазаліні.

На разважаннях, якія запланаваны на 9.00, будзе прысутнічаць Святы Айцец. Да ўдзелу запрошаны кардыналы, біскупы, чальцы Папскай сям'і, супрацоўнікі Рымскай курыі і Губернатарата, а таксама генеральныя настаяцелі манаскіх ордэнаў.

"Галасы прарокаў, якія так моцна гучаць у гэты літургічны перыяд, заклікаюць нас не губляць кірунку на шляху да Божага Валадарства", - падкрэслівае новы прапаведнік Папскага дома.

Серыя казанняў стане своеасаблівым мостам паміж часам чакання Божага Нараджэння і пачаткам Юбілейнага года, які, паводле слоў Папы Францішка, павінен стаць "досведам жывой любові Бога, які абуджае ў сэрцы пэўную надзею на збаўленне ў Хрысце".
 

03 снежня 2024, 09:33