Дэмакратыя і маніпуляцыя масамі: Тарніелі пра прароцкія словы Пія XII
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Па словах праграмнага дырэктара СМІ Святога Пасаду Андрэа Тарніелі, гэта радыёпасланне з’яўляецца “першым фармальным уцелаўленнем хрысціянскага персаналізма Жака Марытэна ў палітыцы, які пастуліруе цэнтральную ролю адказнасці і ўдзелу кожнага грамадзяніна ў кіраванні грамадскімі справамі”.
У гэтым тэксце, які лічыцца свайго роду “хростам” дэмакратыі, шмат актуальных момантаў: ад фундаментальнага прынцыпу годнасці чалавека да адзінства ўсёй чалавечай сям’і; ад цвёрдага і рашучага “не” агрэсіўнай вайне як спосабу вырашэння міжнародных супярэчнасцей да надзеі на стварэнне “міжнароднага органа”, надзеленага “па агульнай згодзе вярхоўнай уладай”.
Сярод прароцкіх частак тэксту Пія ХІІ, які добра ведаў пра наступствы таталітарызму, бясспрэчна знаходзіцца адрозненне паміж народам і “масай”. “Народ жыве і рухаецца сваім уласным жыццём, а маса – інертная сама па сабе, і яе можна прывесці ў рух толькі звонку... Маса [...] чакае імпульса звонку, яна простая цацка ў руках таго, хто выкарыстоўвае яе інстынкты ці ўражанні, гатовая час ад часу ісці сёння за адным, заўтра за іншым сцягам”, - сцвярджаў Пій ХІІ. Ён дадаваў, што масы могуць выкарыстоўвацца ў сваіх інтарэсах таксама і дзяржавай, а маніпуляваная маса становіцца “галоўным ворагам сапраўднай дэмакратыі і яе ідэалу свабоды і роўнасці”.
Тарніелі нагадаў, што пагроза маніпуляцыі масамі сёння застаецца як ніколі актуальнай, калі шырока выкарыстоўваюцца крыўды, незадаволенасць і інстынкты людзей у імя таго, каб зрабіць грамадствы канкурэнтаздольнымі і не “адстаць”.
“Ужыванне геннай інжынерыі, выкарыстанне штучнага інтэлекту, гонка ўзбраенняў – і гэта толькі некалькі прыкладаў – вымалёўваюцца як структурная неабходнасць для захавання канкурэнтаздольнасці. Аднак, як адзначыў Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы Centesimus Annus, “дэмакратыя без каштоўнасцяў, як паказвае гісторыя, лёгка ператвараецца ў адкрыты ці падступны таталітарызм”.
У сувязі з гэтым ватыканскі эксперт нагадаў словы, якія Папа Францішак прамовіў у 2016 годзе, атрымліваючы ў Ватыкане Прэмію Карда Вялікага, цытуючы выказванне Конрада Адэнаўэра, аднаго з айцоў-заснавальнікаў Еўрапейскага Саюза: “Будучыні Захаду пагражае не столькі палітычная напружанасць, колькі небяспека масіфікацыі, уніфікацыі мыслення і пачуццяў; карацей кажучы, уся сістэма жыцця, уцяканне ад адказнасці, калі адзінай турботай з’яўляецца клопат пра сябе”.